1 І, бачачы натоўпы, Ён узышоў на гару; і, калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго;
2 і, адкрыўшы вусны Свае, стаў іх навучаць, кажучы:
3 «Шчасныя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае.
4 Шчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
5 Шчасныя пакорлівыя, бо яны завалодаюць зямлёю.
6 Шчасныя тыя, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны насыцяцца.
7 Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць.
8 Шчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Шчасныя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі.
10 Шчасныя, што пераслед церпяць дзеля справядлівасці, бо іх Валадарства Нябеснае.
11 Шчасныя вы, калі дзеля Мяне вас будуць зневажаць, і пераследаваць, і ўсякае ліха гаварыць будуць супраць вас, узводзячы паклёп.
12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша шчодрая ў небе; так, вось, пераследавалі прарокаў, якія да вас жылі.
13 Вы — соль зямлі. А калі соль страціць сілу, то чым пасоліцца? Яна ўжо ні на што больш не прыдатная, як толькі быць выкінутай на двор, каб яе людзі патапталі.
14 Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, што размешчаны на версе гары.
15 Таксама не запальваюць свечкі і не ставяць яе пад пасудзіну, але ставяць на падсвечніку, каб свяціла ўсім, хто ёсць у доме.
16 Так хай свеціць святло ваша на віду ў людзей, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе.
17 Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон і прарокаў. Я прыйшоў не парушыць, але выканаць.
18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна рыска не зменіцца ў законе, аж пакуль усё не збудзецца.
19 Хто парушыць адно з гэтых прыказанняў найменшых і навучыць так людзей, таго назавуць найменшым у Валадарстве Нябесным. А хто выканае і навучыць, таго назавуць вялікім у Валадарстве Нябесным.
20 Бо кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большай, чым у кніжнікаў і ў фарысеяў, не ўвойдзеце вы ў Валадарства Нябеснае.
21 Чулі, што сказана было продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, будзе асуджаны.
22 А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: “рака”, — будзе асуджаны радай, а хто скажа: “дурны”, — будзе асуджаны агнём пякельным.
23 І таму, калі панясеш ахвяру сваю на ахвярнік, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе,
24 дык пакінь ахвяру тваю каля ахвярніка, і ідзі перш пагадзіся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясеш ахвяру тваю.
25 Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты з ім у дарозе, каб выпадкам не аддаў цябе супраціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не быў ты кінуты ў вязніцу.
26 Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга квадранта.
27 Чулі, што сказана: “Не чужалож”?
28 А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, прагнучы яе, ужо яе зчужаложыў у сэрцы сваім.
29 Бо калі тваё правае вока горшыць цябе, вырві яго ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.
30 І калі правая твая рука горшыць цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.
31 Сказана таксама: “Хто пакіне жонку сваю, хай дасць ёй разводны ліст”.
32 А Я кажу вам: кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства. І той, хто жэніцца з ёю, чужаложыць.
33 Чулі яшчэ аб тым, што было сказана продкам: “Не парушай прысягі, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам”.
34 А Я кажу вам, каб вы зусім не прысягалі, ані небам, бо яно ёсць пасад Божы,
35 ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Яго; ані Ерузалімам, бо ён — горад вялікага Валадара.
36 Ані таксама сваёй галавой не прысягай, бо ты не можаш аніводнага воласа зрабіць белым або чорным.
37 Хай жа тады слова ваша будзе: “так — так”, “не — не”. А што звыш таго, гэта ад ліхога.
38 Чулі вы, што сказана было: “Вока за вока, зуб за зуб?”
39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому; а калі б хто ўдарыў цябе ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.
40 І таму, хто хоча з табой судзіцца і кашулю тваю ўзяць, аддай яму і плашч.
41 І калі б хто цябе змушаў ісці з ім мілю, ідзі з ім дзве.
42 Дай таму, хто просіць у цябе; і не ўхіляйся ад таго, хто жадае ў цябе пазычыць.
43 Чулі вы, што сказана было: “Любі блізкага свайго і ненавідзь ворага твайго”.
44 А Я кажу вам: любіце ворагаў сваіх дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць і гоняць вас,
45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у небе, бо Ён чыніць, каб сонца Яго ўзыходзіла над добрымі і ліхімі, і дождж пралівае над справядлівымі і несправядлівымі.
46 Калі ж вы любіце тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі не робяць таго?
47 Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане не робяць?
48 Дык будзьце ж вы дасканалыя, як і Айцец ваш, Які ёсць у небе, дасканалы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Мацвея, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017