Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мацвея 6 Паводле Мацвея 6 разьдзел

1 Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць у небе.
2 І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду.
3 Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука,
4 каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна.
5 І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
6 А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна.
7 А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты.
8 Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце.
9 А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць у небе, свяціся імя Тваё,
10 прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі.
11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;
12 і даруй нам правіны нашы, як і мы даруем вінаватым нашым;
13 і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё ёсць Валадарства, і сіла, і слава ў векі векаў. Амін.
14 Бо калі вы даруеце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец, Які ў небе, даруе вам.
15 Але калі вы не даруеце людзям грахі іх, то і Айцец ваш не даруе грахоў вашых.
16 Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
17 А ты, калі посціш, памаж галаву сваю ды абмый твар свой,
18 каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе яўна.
19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць.
20 Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.
21 Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
22 Свяцільня цела твайго — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым.
23 А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, — цемра, дык наколькі ж вялікай сама цемра будзе?
24 Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагардзіць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
25 Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё ваша, што будзеце есці і што піць, ані пра цела ваша, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела — за адзенне?
26 Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш, Які ёсць у небе, корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх?
27 Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?
28 А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.
29 А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх.
30 Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы.
31 І не турбуйцеся таму, кажучы: “Што будзем есці?”, або “Што будзем піць?”, або “У што будзем апранацца?”
32 Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш, Які ёсць у небе, ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу.
33 Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам.
34 І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова кожнаму дню свайго ліха.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Мацвея, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017