1 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, Ён выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэі за Ярдан.
2 І за Ім следам ішлі вялікія натоўпы, і там аздаравіў іх.
3 Потым падышлі да Яго фарысеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Ці дазволена чалавеку з якой-колечы прычыны пакінуць жонку сваю?»
4 А Ён, адказваючы, гаворыць: «Ці не чыталі вы, што Той, Хто стварыў напачатку “мужчыну і жанчыну, стварыў іх”, —
5 і сказаў: “Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць двое адзіным целам”.
6 Значыць іх ужо не двое, але адно цела. Дык, што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае».
7 Яны кажуць Яму: «Дык чаму Майсей пастанавіў, каб давалі ліст разводны і выпраўлялі?»
8 Ён гаворыць: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага дазволіў вам Майсей пакідаць жонку вашу; напачатку ж не было так.
9 Але кажу вам, што, хто выпраўляе жонку сваю, акрамя як з прычыны распусты, і жэніцца з іншаю, — чужаложыць. І хто з разведзенай ажаніўся — чужаложыць».
10 Кажуць Яму вучні Яго: «Калі такі абавязак чалавека перад жонкай, то лепш не жаніцца».
11 Ён сказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтую навуку, а толькі тыя, каму дадзена.
12 Бо ёсць еўнухі, што такімі з улоння маці нарадзіліся, і ёсць еўнухі, якіх такімі людзі зрабілі, ды ёсць еўнухі, што самі сябе спаклалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее».
13 Аднойчы прывялі да Яго дзяцей, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні забаранялі ім.
14 Тады Ісус гаворыць: «Пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае».
15 І пасля таго, як усклаў на іх рукі, адышоў.
16 І вось, нехта, падышоўшы, гаворыць Яму: «Настаўнік добры, што мне добрага зрабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
17 Ісус сказаў яму: «Што Мяне завеш добрым? Ніхто не добры, як толькі адзін Бог. А калі хочаш увайсці ў жыццё, спаўняй прыказанні».
18 Той кажа: «Якія?» А Ісус сказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва,
19 шануй бацьку і маці і любі блізкага свайго, як сябе самога».
20 Кажа Яму юнак: «Усё гэта выконваў я ад маленства свайго. Чаго ж мне яшчэ не хапае?»
21 Гаворыць яму Ісус: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».
22 Калі юнак пачуў гэтае слова, адышоў сумны, бо меў вялікую маёмасць.
23 А Ісус сказаў Сваім вучням: «Сапраўды кажу вам: багацею цяжка ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.
24 Ізноў кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».
25 І, пачуўшы гэта, вучні вельмі дзівіліся і казалі: «Хто тады можа збавіцца?»
26 А Ісус, зірнуўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма».
27 Тады, адказваючы, Пётра сказаў Яму: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі следам за Табой. Дык што ж будзе нам?»
28 А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, хто пайшлі за Мною, у новым жыцці, калі засядзе Сын Чалавечы на пасадзе велічы Сваёй, засядзеце на дванаццаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
29 І кожны, хто пакінуў дом, або братоў, або сясцёр, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або зямлю дзеля імя Майго, у сто разоў болей атрымае і ўспадкаеміць жыццё вечнае.
30 І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Мацвея, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017