1 І было-ж, калі кончыў Ісус гэтыя словы, тады выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на другі бок Йордану.
2 За Ім ішло многа людзей, і ацаліў іх там.
3 І прыступілі да Яго фарысеі ды, спакушаючы Яго, гаварылі Яму: — ці вольна чалавеку з якой небудзь прычыны разводзіцца з жаною сваёю.
4 Ён-жа ў адказ сказаў ім: — ці вы ня чыталі, што Стварыцель напачатку стварыў іх, як мужчыну і жанчыну.
5 І сказаў: — дзеля таго пакіне чалавек айца свайго і маці і злучыцца з жаною сваёю, і будуць двое ў адно цела.
6 Гэтак, яны ўжо ня двое, але адно цела, от-жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае.
7 Яны кажуць Яму: — як-жа Майсей запавядаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе?
8 Ён-жа сказаў ім: — Майсей дзеля жорсткасьці сэрцаў вашых дазволіў вам пакідаць жоны вашыя, а на пачатку гэтак ня было.
9 Але кажу вам: хто разьвядзецца з жаною сваёю, апрача прычыны блудадзеяньня, і ажэніцца з іншаю, той блудадзейнічае, і хто ажэніцца з разьведзенай — блудадзейнічае.
10 Кажуць Яму вучні Ягоныя: — калі гэтакі абавязак у чалавека да жаны, то лепш не жаніцца.
11 Ён-жа сказаў ім: — ня ўсім дасяжнае разуменьне слоў гэтых, але каму дадзена.
12 Бо ёсьць лягчаныя, якія з улоньня маці радзіліся такімі, і ёсьць лягчаныя ад людзей, і ёсьць лягчаныя, якія самі сябе ачысьцілі дзеля Ўладарства Нябеснага; можа гэта дайходзіць, няхай успрыйме.
13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі і памаліўся; вучні-ж забаранялі ім.
14 Але Ісус сказаў ім: — пусьцеце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ёсьць Уладарства Нябеснае.
15 І ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.
16 І вось адзін нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Вучыцель добры! што дабрае зрабіць мне, каб мець жыцьцё вечнае?
17 Ён-жа сказаў яму: — чаму ты завеш Мяне добрым? ніхто ня добры, апрача Аднаго — Бога; калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, трымайся запаветаў.
18 І той кажа — якіх? Ісус-жа сказаў: — не забівай, не блудадзейнічай, не крадзі, ня сьветчы фальшыва.
19 Шануй айца і маці і любі бліжняга твайго, як самога сябе.
20 Кажа Яму юнак: — усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва майго, чаго яшчэ мне нестае?
21 Ісус кажа яму: — калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маёмасьць тваю і раздай бедным і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь ды йдзі за Мною.
22 І юнак, пачуўшы гэтае слова, адыйшоў у засмучэньні, бо меў вялікую маёмасьць.
23 Ісус-жа сказаў вучням Сваім: — запраўды, кажу вам, цяжка ўвайсьці багатаму у Ўладарства Нябеснае.
24 І яшчэ кажу вам: — лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, чым багатам ўвайсьці у Ўладарства Нябеснае.
25 Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя моцна зьдзівілся йі гаварылі: — хто-ж тады можа быць збавёны?
26 Узглянуўшы на іх, Ісус сказаў: — у людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.
27 Тады Пётра, адазваўшыся, сказаў Яму: — вось мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою, што-ж будзе нам?
28 Ісус-жа сказаў ім: — запраўды, кажу вам, што вы, пайшоўшы за Мною, у будучым жыцьці, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце таксама на дванаццацёх пасадах судзіць дваннаццаць родаў Ізраілевых.
29 І кажны, хто пакінуў дом, ці братоў і сёстраў, ці айца, ці маці, ці жану, ці дзяцей, ці землі дзеля Імя Майго, — атрымае стокроць і здабудзе жыцьцё вечнае.
30 І шмат хто з першых стануцца апошнімі, апошнія-ж першымі.
Каментары ці зноскі:
27 адазваўшыся — ці — адказваючы.
28 у будучым — ці — у прышлым.
29 ці бацьку, ці маці — два разы у рукапісы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.