Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Мацьвея 12 Паводле Мацьвея 12 разьдзел

1 У тым жа часе праходзіў Ісус паміж у сыботу праз засемнымі, і вучні Ягоныя, згаладаўшыся, пачалі зрываць каласы і есьці.
2 Фарысеі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі Яму: вось вучні Твае робяць, чаго не павінны рабіць у сыботу.
3 Ён-жа сказаў ім: хіба-ж вы ня чыталі, што ўчыніў Давыд, калі быў згаладаны сам і тыя, хто быў з ім?
4 Як ён, увайшоўшы ў дом Божы, еў хлябы прынясеньня, якіх не належала есьці ні яму, ні тым, якія былі з ім, а толькі адным сьвятаром?
5 Альбо, ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботу сьвятары ў храме парушаюць сыботу, аднак-жа ня ёсць віннымі?
6 Але, кажу вам, што тут ёсьць Адзін большы за храм.
7 І калі-б вы ведалі, што значыць — міласьці хачу, а не ахвяры — то не асудзілі-б бязьвінных.
8 Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы.
9 І, адыйшоўшы адтуль, увайшоў у іхную сынагогу.
10 Быў-жа там чалавек сухарукі; і спыталіся ў Ісуса, каб знайсьці віну на Ім, ці можна ацаляць у сыботы?
11 Ён-жа сказаў ім: — хто з вас, маючы адну авечку, каб яна ў сыботу ўваліца ў яму, ня вазьме яе і ня выцягне?
12 На колікі-ж чалавек вартасьнейшы за авечку! дык дабро тварыць і ў сыботу можна.
13 Тады кажа чалавеку таму: — выцягні руку тваю; той вытягнуў, — і стала яна здаровая, як і другая.
14 Фарысеі-ж, выйшаўшы, вялі змову супраць Яго, як-бы загубіць Яго, але Ісус, ведаючы гэта, адыйшоў адтуль.
15 І пайшло за Ім мноства народу, і ацаліў іх усіх.
16 І забараніў ім выяўляць Яго.
17 Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыць:
18 — Вось Юнак Мой, Якога я выбраў, Улюбёны Мой, Яму-ж дабраволіць душа Мая; палажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.
19 Не запярэчыць ня ўзьніме голасу Свайго, і ніхто не пачуе на вуліцы голасу Яго.
20 Трысьціны надламанай не пераломіць, і лёну тлеючага не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.
21 І на імя Яго будуць надзейныя народы.
22 Тады прывялі да Яго апанаванага злыдухам сьляпога і нямога, і ацаліў яго: гэтак, што сьляпы і нямы стаў і бачыць і гаварыць.
23 І падзіўляліся ўсе людзі, гаворачы: — ці ня гэта Хрыстос, Сын Давыдаў?
24 Фарысеі-ж, пачуўшы гэта, сказалі: — Ён выганяе злыдухаў няйначай, сілаю Вэльзевула, князя шатанскага.
25 Але Ісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім: — усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, разваліцца; і ўсякае места ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць.
26 І калі шатан шатана выганяе, то ён падзяліўся сам у сабе; як-жа можа ўстаяць уладарства яго?
27 І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то чыёю сілаю выганяюць сыны вашыя? дзеля таго яны будуць вам судзьдзямі?
28 А калі Я сілай Духа Божага выганяю злыдухаў, то пэўна дайшло да вас Уладарства Божае.
29 Або, як можа хто увайсьці ў дом асілка і абрабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом яго.
30 Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, той растрачвае.
31 Дзеля таго кажу вам: усякі грэх і зьнявага адпусьцяцца чалавекам, але блюзьнерства на Духа Сьвятога не адпусьціцца чалавекам.
32 І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даруецца яму, а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
33 Або прызнайце дрэва добрым, і плод яго добрым, альбо прызнайце дрэва дрэнным, і плод яго дрэнным, бо па плодзе пазнаецца дрэва.
34 Параджэньне гадаўя! як вы можаце гаварыць добрае, калі самі злыя? бо ад паўніні сэрца прамаўляюць вусны.
35 Добры чалавек з добрае скарбніцы выносіць добрае, а паганы чалавек з дрэннае скарбніцы свае выносіць ліхое.
36 Кажу-ж вам, што за ўсякае пустаслоўе, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны.
37 Бо паводле слоў сваіх апраўданы будзеш, і паводле слоў сваіх асуджаны будзеш.
38 Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў, пытаючыся, сказалі: Вучыцель! хочацца нам знаменьне ад Цябе пабачыць.
39 Ён-жа ў адказ сказаў ім: — род златворны і чужаложны знаменьня шукае, але знаменьне яму ня будзе дадзена, апрача знаменьня Йоны прарока.
40 Бо, як Йона быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41 Мужы Ніневійскія паўстануць на суд з родам гэтым, і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучэньня Йонінага; і вось тут большае за Йону.
42 Каралева паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона.
43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, сноўдаецца па сухазем’і, шукаючы супакою, і не знаходзіць.
44 Тады кажа — вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў; і прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і прыбраным.
45 Тады йдзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, больш лютых за сябе, і яны ўвайходзяць і жывуць там; і становіцца чалавеку таму апошняе горшым за першае; так будзе і роду гэтаму златворнаму.
46 Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, Маці Яго і браты Яго стаялі вонках, чакаючы, каб пагаварыць з Ім.
47 І нехта сказаў Яму: — вось Маці Твая і браты Твае стаяць вонках, хочуць гаварыць з Табою.
48 Ён-жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму сказаў: — хто Маці Мая? хто браты Мае?
49 І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: — вось Маці Мая, і браты Мае;
50 Бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго Нябеснага, той брат Мой, і сястра, і маці.

Каментары ці зноскі:

4 прынясеньня — ці — ахвярныя.
5 храме — ці — царкве?
25 разваліцца — ці — запусьцее.
33 Або прызнайце дрэва добрым, і плод яго добрым, альбо прызнайце дрэва дрэнным, і плод яго дрэнным — ці — Або ўзгадуецца дрэвадобрае, і плод яго добры, альбо ўзгадуецца дрэва благое і плод яго благім.
50 выпаўняць — ці — выконваць.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Мацьвея, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.