Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Мацьвея 14 Паводле Мацьвея 14 разьдзел

1 У той час Ірад чацьвертаўладнік, пачуўшы пра Ісуса,
2 Сказаў сваім службоўцам: — гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрос з мертвых, і таму цуды дзеюцца праз яго.
3 Бо Ірад схапіў Яна, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго.
4 Ян-жа гаварыў яму: не ў законе табе мець яе.
5 І хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.
6 Калі-ж быў дзень народзін Ірада, дачка Ірадыяды танцавала сярод іх, і дагадзіла Іраду.
7 Ён, пакляўшыся, абяцаў ёй даць, чаго-б яна ні папрасіла.
8 Яна-ж, падвучаная маткаю сваею, сказала: — дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.
9 І засмуціўся кароль, але з увагі на кляцьбу і на гасьцей сваіх, загадаў даць ёй.
10 І паслаўшы, сьцяў галаву Яна ў вязьніцы.
11 І прынясьлі галаву яго на талерцы і далі дзяўчыне, а яна занесла маці сваёй.
12 Вучні-ж ягоныя, прышоўны, ўзялі цела яго і пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Ісуса.
13 Пачуўшы гэтае, Ісус аддаліўся адтуль на лодцы адзінотна ў месца бязьлюднае; народ-жа, дачуўшыся, пайшоў за Ім з местаў пехатою.
14 І, выйшаўшы, Ісус убачыў грамады народу; і зьлітаваўся над імі, і ацаліў нядужных іхных.
15 Калі-ж настаў вечар, прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — месца тут пустыннае, а пара ўжо позьняя, — адпусьці народ, каб пайшлі ў аселішчы купіць сабе ежы.
16 Ісус-жа сказаў ім: — не патрабуюць яны ісьці, вы дайце ім есьці.
17 Яны-ж кажуць Яму: — ня маем мы, у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы.
18 І Ён сказаў: — прынясеце Мне іх сюды.
19 Тады сказаў народу супачыць на траве; і ўзяўшы пяць хлябоў і аебдзьве рыбы, узглянуў на неба, дабрасловіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — народу.
20 І елі ўсе да задаволеньня, і назьбіралі астачы дванаццаць карабоў поўных.
21 А ела-ж блізу пяці тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
22 І зараз-жа сказаў Ісус вучням Сваім увайсьці ў лодку і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ.
23 І, адпусьціўшы народ, узыйшоў на гару памаліцца на самоце, і да позьняга вечара аставаўся там адзін.
24 А лодка была ўжо пасярод мора, падбіваны хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
25 У чацьвертую старожу ночы, Ісус пайшоў да іх, ідучы па моры.
26 Вучні-ж Ягоныя, убачыўшы хадзячага па моры, сумеліся і гаварылі, што гэта здань, і ад страху закрычалі.
27 Ісус адразу-ж адазваўся да іх, кажучы: — бадзёрцеся, гэта Я, ня бойцеся.
28 Тады Пётра сказаў Яму ў адказ: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе.
29 І Ён сказаў: — прыйдзі, — і выйшаўшы з лодкі, Пётра пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса.
30 Але, гледзячы на моцны вецер, спужаўся і стаў тануць ды загаласіў, прамовіўшы: — Госпадзе! уратуй мяне.
31 Ісус ураз-жа працягнуў руку, падтрымаў яго і кажа яму: — малаверны, чаму-ж ты сумляваўся?
32 І калі яны ўвайшлі ў лодку, вецер сьціх.
33 А тыя, якія былі ў лодцы, падыйшоўшы пакланіліся Яму і сказалі: — запраўды, Ты — Сын Божы.
34 І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнісарэцкую.
35 Жыхары той мясцовасьці, як толькі пазналі Яго, апавесьцілі па усей краіне той, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых.
36 І ўпрашалі Яго каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся ацаленыя былі.

Каментары ці зноскі:

5 яго — ці — Яна.
6 сярод іх — ці — сярод гасьцей.
20 да задаволеньня — ці — і наеліся.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Мацьвея, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.