Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Мацьвея 27 Паводле Мацьвея 27 разьдзел

1 Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары і старшыні народныя раду ўчынілі супраць Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць.
2 І зьвязаўшы Яго, павялі і перадалі Яго Понтыю Пілату, правіцелю.
3 Тады Юда, які прадаў Яго, пабачыўшы, што Ён засуджаны, раскаяўшыся, вярнуў трыццаць срэбранікаў архісьвятаром і старшыням;
4 Сказаўшы: — саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную; яны-ж сказалі яму: — што нам да таго, глядзі сам.
5 І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён выйшаў, і пайшоў удушыўся.
6 Архісьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: — не ў законе будзе класьці іх у скарбонку, бо гэта цана крыві.
7 І зрабіўшы нараду, купілі за іх ганчарова поле для пахаваньня чужаземцаў.
8 Таму і завецца поле тое «Полем Крыві» і дагэтуль.
9 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: — «І ўзялі трыццаць срэбранікаў — цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля.
10 І далі іх за зямлю ганчара, як сказаў мне Госпад».
11 Ісус-жа стануў прад правіцелем; і спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ісус сказаў яму: — ты кажаш.
12 І калі абвінавачвалі Яго архісьвятары і старшыні, Ён нічога не адказаў.
13 Тады кажа Яму Пілат: — ці-ж ня чуеш, колькі на Цябе сьветчаць?
14 І не адказаў яму на ніводнае слова, з чаго правіцель быў моцна зьдзіўлены.
15 На сьвята-ж Пасхі правіцель меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня, якога людзі пажадаюць.
16 На той час быў у іх вядомы астрожнік, званы Вараўва.
17 І вось, калі яны зыйшліся, Пілат сказаў ім: — каго з двух хочаце адпусьціць вам, Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом?
18 Бо ведаў, што выдалі Яго праз зайздрасьць.
19 Тымчасам, калі сядзеў ён на судзейскім пасадзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: — не рабі нічога Праведніку таму, бо я сёньня ў сьне шмат цярпела дзеля Яго.
20 Але архісьвятары падгаварылі народ прасіць Вараўву, а Ісуса на загубу.
21 І калі правіцель спытаўся ў іх, каго з двух хочаце каб адпусьціў вам? — яны сказалі — Вараўву.
22 Пілат прамовіў да іх: — што-ж тады я зраблю з Ісусам, названым Хрыстос? і сказалі ўсе: — няхай будзе ўкрыжаваны.
23 Правіцель сказаў ім: — якое-ж зло ўчыніў Ён? але яны яшчэ мацней крычалі: — няхай будзе ўкрыжаваны!
24 Пілат, абачыўшы, што нічога не памагае, а толькі мацней узьнімаецца забурэньне, узяў вады, умыў рукі прад народам, сказаушы: — не павінен я ў крыві праведніка гэтага — самі абачыце.
25 І ў адказ увесь народ крычаў: — кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
26 Тады адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбічаванага, выдаў ім на ўкрыжаваньне.
27 Тады воіны правіцеля, узяўшы Ісуса ад судзілішча, склікалі на Яго поўную кагорту войска.
28 І, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу.
29 І, сплёўшы вянок з церні, узлажылі Яму на галаву і, далі трысьціну ў правую руку Ягоную, істановячыся прад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: — радуйся, Кароль Юдэйскі.
30 І плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве Яго.
31 А калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго баграніцу, і адзелі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
32 Выходзячы-ж, яны спаткалі чалавека кірынейца, на імя Сымон, — гэтага прымусілі нясьці крыж Ягоны.
33 І прыйшлі на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
34 І давалі Яму піць воцат, зьмешаны з жоўцяй, але, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
35 Укрыжаваўшы-ж Яго дзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабе.
36 І, пасеўшы, сьцераглі Яго там.
37 І прыставілі над галавою Яго надпіс віны Ягонае: — Гэта ёсьць Ісус, Кароль Юдэйскі.
38 Тады ўкрыжавалі пры Ім двух разбойнікаў, аднаго з правага боку, а другога з левага.
39 Людзі-ж, праходзячы паўз Яго, глуміліся над Ім, ківаючы галовамі сваімі,
40 і кажучы: — храмы руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш, — выбавіся Сам; калі Ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа.
41 Таксама і архісьвятары з кніжнікамі і старшынямі, і фарысеямі зьдзекліва гаварылі:
42 — Іншых выбаўляў, а Сам Сябе ня можа выбавіць; калі Ён Кароль Ізраіля, няхай цяпер зыйдзе з крыжа, і ўверым ў Яго.
43 Спадзяваўся на Бога, няхай-жа цяпер выбавіць Яго, калі Ён угоднік Яго, бо Ён казаў: Я Сын Божы.
44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, глуміліся над Ім.
45 Ад шостае-ж гадзіны цемра стала па усёй зямлі да гадзіны дзявятай.
46 А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам, прамовіўшы: — Ілі, Ілі, лімá савахвані! — гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! чаму пакінуў Мяне?
47 Некаторыя з тых, якія стаялі там, пачуўшы гэта, гаварылі: — Ільлю кліча Ён.
48 І ўраз пабег адзін з іх, і ўзяўшы губку, амачыў яе ў воцат і, насадзіўшы на трасьціну, даваў Яму піць.
49 А іншыя гаварылі: — пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ільля выбавіць Яго.
50 Ісус-жа зноў, усклікнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
51 І вось заслона ў храме разадралася надвое ад верху да долу, і зямля здрыганулася, і скалы патрэскаліся,
52 і гробы адчыніліся, і многія целы супачыўшых сьвятых уваскросьлі,
53 і выйшаўшы з гробаў па Уваскрасеньні Ягоным, увайшлі ў сьвяты горад, і паказаліся шматлікім.
54 Сотнік-жа і ўсе, якія з Ім сьцераглі Ісуса, гледзячы на землятрус і на ўсё, што сталася, моцна перапужаліся і гаварылі: — запраўды Ён быў Сын Божы.
55 Былі там і наглядалі здалёк многія жанчыны, якія йшлі зь Ісусам з Галілеі і прыслугоўвалі Яму.
56 Між імі былі Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Йосіі і маці сыноў Завядэевых.
57 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арымафеі, на ймя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.
58 Ён прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісуса; тады Пілат загадаў аддаць Цела.
59 І узяўшы Цела, Язэп авінуў Яго чыстаю плашчаніцаю;
60 І палажыў Яго ў новым сваім гробе, які ён высек у скале, і, прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адыйшоў.
61 Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя; яны сядзелі насупраць гробу.
62 А назаўтра па пятніцы раніцою архісьвятары і фарысеі зыйшліся да Пілата.
63 І сказалі: — гаспадару! мы прыпомнілі, што падманшчык той, як быў яшчэ пры жыцьці, сказаў: — па трох днёх уваскросну.
64 Дык закажы ахоўваць гроб да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу — уваскрос з мёртвых, і будзе апошні падман горшы за першыя.
65 Пілат-жа сказаў: — маеце варту, ідзеце і вартуйце, як знаеце. Яны пайшлі, абставілі гробе вартаю, і прылажылі да каменя пячаць.

Каментары ці зноскі:

11 правіцелем — ці — намесьнікам.
30 па галаве (Яго?)
39 праходзячы паўз — ці — праходзячы міма.
59 чыстаю плашчаніцаю — ці — чыстым палатном.
63 уваскросну — ці — ўстану.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Мацьвея, 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.