Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 27 Паводле Мацвея 27 разьдзел

Езуса вядуць да Пілата

1 Калі ж настала раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супраць Езуса, каб забіць Яго.
2 І, звязаўшы, павялі і аддалі Яго намесніку Понцію Пілату.
Смерць Юды

3 Тады Юда, які выдаў Езуса, убачыўшы, што Яго асудзілі, пакаяўся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам
4 і сказаў: «Зграшыў я, бо выдаў нявінную кроў». Яны ж сказалі: «Што нам да таго? Глядзі сам!»
5 Тады ён, кінуўшы срэбранікі ў святыні, выйшаў і пайшоў павесіўся.
6 А першасвятары ўзялі срэбранікі і сказалі: «Нельга іх класці ў скарбонку святыні, бо гэта цана крыві».
7 Яны параіліся і купілі на іх поле ганчара для пахавання чужаземцаў.
8 Таму і па сённяшні дзень называецца гэтае поле «полем крыві».
9 Так збылося сказанае прарокам Ераміем: «Узялі трыццаць срэбранікаў, плату за таго, каго ацанілі сыны Ізраэля,
10 і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Пан».
Езус перад Пілатам

11 Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш».
12 І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў.
13 Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?»
14 Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.
15 На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня.
16 Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба.
17 І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?»
18 Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго.
19 А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго».
20 Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць.
21 Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!»
22 Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
23 Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
24 Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!»
25 І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых».
26 Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
Укаранаванне цернем

27 А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту.
28 І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч.
29 І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!»
30 І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве.
31 А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.
Укрыжаванне Езуса

32 Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірэнэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці Ягоны крыж.
33 Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа»,
34 далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць.
35 Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы.
36 І, седзячы, пільнавалі Яго там.
37 А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль юдэйскі».
38 Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку.
39 Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі
40 і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!»
41 Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі:
42 «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго.
43 Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
44 Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.
Смерць Езуса

45 Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
46 А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
47 Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю».
48 І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго.
49 А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго».
50 Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа.
51 І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся,
52 і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі
53 і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім.
54 А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!»
55 Было там таксама шмат жанчын, якія глядзелі здалёк і якія спадарожнічалі Езусу ад Галілеі, служачы Яму.
56 Была сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Юзафа, і маці сыноў Зэбэдэя.
Пахаванне

57 Калі звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, па імені Юзаф, які таксама быў вучнем Езуса.
58 Ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
59 Узяўшы цела, Юзаф захінуў Яго ў чыстае палатно
60 і паклаў у сваёй новай магіле, якую высек у скале. Пасля прываліў вялікі камень да ўваходу ў магілу і адышоў.
61 Была там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
Варта пры магіле

62 На другі дзень, што быў пасля прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата
63 і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”.
64 Таму загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, не выкралі Яго і не сказалі народу: “Ён уваскрос”. І будзе апошні падман горшы за першы».
65 Пілат адказаў ім: «Вось вам варта, ідзіце, засцеражыце, як умееце.
66 Яны адышлі і засцераглі магілу, запячатаўшы камень і паставіўшы варту.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Мацвея, 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019