1 А калі настала раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супроць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць;
2 і, звязаўшы Яго, адвялі і перадалі [Понцію] Пілату, намесніку.
3 Тады Іуда, што Яго выдаў, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,
4 кажучы: Саграшыў я, выдаўшы нявінную кроў. — А яны сказалі: Што нам да таго? Глядзі сам.
5 І ён, кінуўшы срэбранікі ў храме, адышоў; і, пайшоўшы, павесіўся.
6 А першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: Іх не дазваляецца класці ў храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
7 І, зрабіўшы нараду, яны купілі за іх поле ганчара пахавання чужаземцаў.
8 Таму тое поле завецца Полем Крыві па сённяшні дня.
9 Тады спраўдзілася сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевы,
10 і далі іх за ганчарова поле, як загадаў мне Госпад».
11 Ісус жа стаў перад намеснікам; і намеснік спытаўся ў Яго, кажучы: «Ці Ты Іудзейскі Цар?» — Ісус жа сказаў [яму]: Ты праўду кажаш.
12 І, калі першасвятары і старэйшыны абвінавачвалі Яго, Ён нічога не адказваў.
13 Тады Пілат кажа Яму: Ці Ты не чуеш, колькі сведчанняў супроць Цябе?
14 І Ён не адказваў ні на адно слова, так што намеснік надта здзіўляўся.
15 А на свята намеснік меў звычай адпускаць натоўпу аднаго вязня, якога яны хацелі.
16 І быў ў іх тады вядомы вязень, якога звалі [Ісус] Варава.
17 Дык калі яны сабраліся, Пілат сказаў ім: Каго хочаце, каб я адпусціў вам: [Ісуса] Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
18 Бо ён ведаў, што праз зайздрасць выдалі Яго.
19 Калі ж ён сядзеў на судзейскім крэсле, яго жонка паслала да яго сказаць: Нічога не рабі Таму Праведніку; бо я сёння ў сне шмат нацярпелася з-за Яго.
20 Але першасвятары і старэйшыны падбілі натоўпы, каб прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
21 І намеснік сказаў у адказ: Каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? — І яны сказалі: Вараву.
22 Пілат кажа ім: Дык што мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом? — Яны ўсе кажуць [яму]: Няхай будзе ўкрыжаваны!
23 А ён82 сказаў: Што ж благое зрабіў Ён? — Ды яны яшчэ мацней крычалі і казалі: Няхай будзе ўкрыжаваны!
24 І Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а ўсчынаецца большае замяшанне, узяўшы вады, умыў рукі перад натоўпам, кажучы: Не вінаваты я ў крыві Гэтага [Праведніка]; глядзіце вы.
25 І ўвесь народ сказаў у адказ: Яго кроў на нас і на нашых дзецях!
26 Тады ён адпусціў ім Вараву; а Ісуса, збічаваўшы, выдаў, каб укрыжавалі.
27 Тады намеснікавы воіны, забраўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго ўсю кагорту.
28 І, раздзеўшы Яго, яны надзелі на Яго пурпуровы плашч,
29 і, звіўшы вянок з калючак, усклалі Яму на галаву і далі палку ў правую руку; і, кленчачы перад Ім, глуміліся з Яго, кажучы: Радуйся, Цар Іудзейскі!
30 І, напляваўшы на Яго, узялі палку і білі Яго па галаве.
31 І калі наглуміліся з Яго, яны знялі з Яго плашч і апранулі Яго ў Яго адзенне і павялі на ўкрыжаванне.
32 Выходзячы ж, яны сустрэлі аднаго кірэнца, імем Сіман; гэтага і прымусілі ўзяць Яго крыж.
33 І, прыйшоўшы на месца, званае Галгофа, што значыць «месца чэрапа»,
34 далі Яму піць віна, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў яго піць.
35 Тыя ж, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі Яго адзенне, кідаючы жэрабя;
36 і, седзячы, вартавалі Яго там.
37 І змясцілі над Яго галавою надпіс Яго віны: Гэта Ісус, Цар Іудзейскі.
38 Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго праваруч і аднаго леваруч.
39 А тыя, што міма праходзілі, ганьбілі Яго, ківаючы сваімі галовамі
40 і кажучы: Ты, што руйнуеш храм і за тры дні будуеш, уратуй Самога Сябе, калі ты Сын Божы, [і] зыдзі з крыжа!
41 Падобна і першасвятары з кніжнікамі, старэйшынамі [і фарысеямі,] насміхаючыся, казалі:
42 Іншых ратаваў — Сябе Самога не можа ўратаваць. [Калі] Ён Цар Ізраілеў, няхай цяпер зыдзе з крыжа, і мы ўверуем у Яго.
43 Спадзяваўся на Бога: няхай Ён цяпер выбавіць [Яго], калі Ён Яму даспадобы. Бо Ён сказаў: «Я — Сын Божы».
44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.
45 Ад шостай жа гадзіны зрабілася цемра на ўсёй зямлі — да дзевятай гадзіны.
46 А каля дзевятай гадзіны Ісус ускрыкнуў моцным голасам, кажучы: Элі, Элі, лема савахвані? — гэта значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»83
47 І некаторыя з тых, што стаялі там, пачуўшы, казалі: Ён кліча Ілію.
48 І адразу адзін з іх пабег, і, узяўшы губку, намачыў яе ў воцаце і, надзеўшы на палку, даваў Яму піць.
49 А астатнія казалі: Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ілія ратаваць Яго.
50 Ісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусціў дух.
51 І вось, заслона храма разадралася зверху да нізу напалам, і зямля задрыжала, і раскалоліся скалы.
52 І магільні расчыніліся, і шмат цел спачылых святых былі ўваскрэшаны,
53 і, выйшаўшы з магільняў пасля Яго ўваскрэсення, яны ўвайшлі ў святы горад і з’явіліся многім.
54 А сотнік і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што адбылося, вельмі спалохаліся, кажучы: Сапраўды Ён быў Сын Божы.
55 Было ж там шмат жанчын, якія глядзелі здалёку, тыя, што ішлі ўслед за Ісусам з Галілеі, прыслугоўваючы Яму;
56 між іх была Марыя Магдаліна, Марыя, маці Іякава і Іосіфа84, і маці сыноў Зевядзеевых.
57 Калі ж звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф, які і сам быў Ісусавым вучнем;
58 ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Ісусава цела. Тады Пілат загадаў аддаць [цела].
59 І, узяўшы цела, Іосіф абгарнуў яго чыстым кужэльным палатном,
60 і паклаў яго ў сваёй новай магільні, якую высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магільню, пайшоў.
61 І была там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупроць магілы.
62 На другі ж дзень, што ідзе за днём Падрыхтавання85, сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата,
63 кажучы: Гаспадару, мы ўспомнілі, што той ашуканец казаў яшчэ пры жыцці: «Пасля трох дзён уваскрэсну».
64 Дык загадай ахоўваць магілу да трэцяга дня; каб Яго вучні, прыйшоўшы [ўночы], не ўкралі Яго і не сказалі народу: «Ён уваскрэшаны з мёртвых»; і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
65 Пілат сказаў ім: Маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.
66 І яны пайшлі і пачалі ахоўваць магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.
Каментары ці зноскі:
23 82: У некат. рукап.: намеснік.
46 83: Больш дакладна пераклад гучаў бы так: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты ахвяраваў Мною?»
56 84: У некат. рукап.: Іасіі.
62 85: Дзень Падрыхтавання — пятніца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Матфея, 27 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014