Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 9 Матфея 9 разьдзел

1 І Ён, увайшоў у лодку, пераплыў і прыйшоў у Свой горад.
2 І вось, прынеслі да Яго спаралізаванага, што ляжаў на пасцелі. І Ісус, ўбачыўшы іх веру, сказаў спаралізаванаму: Мацуйся, дзіця! Даруюцца [табе] твае грахі.
3 І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: Гэты чалавек зневажае Бога.
4 І Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў: Навошта вы думаеце ліхое ў вашых сэрцах?
5 Бо што лягчэй — сказаць: «Даруюцца твае22 грахі» ці сказаць: «Устань і хадзі»?
6 Але каб ведалі вы, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі, — тады Ён кажа спаралізаванаму: Устань, вазьмі сваю пасцель ды ідзі ў свой дом.
7 І той, устаўшы, пайшоў у свой дом.
8 А натоўпы, убачыўшы гэта, спалохаліся23 і славілі Бога, што даў такую ўладу людзям.
9 І, адыходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, што сядзеў на месцы збору падаткаў — яго звалі Матфеем, — і кажа яму: Ідзі ўслед за Мною. — І той устаў і пайшоў услед за Ім.
10 І сталася: калі Ён узлягаў за сталом у доме, вось, прыйшлі многія зборшчыкі падаткаў і грэшнікі і ўзлягалі з Ісусам і яго вучнямі.
11 І, убачыўшы, фарысеі казалі Яго вучням: Чаму ваш Настаўнік есць [і п’е] са зборшчыкамі падаткаў і грэшнікамі?
12 А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў [ім]: Не здаровыя маюць патрэбу ў доктары, а хворыя.
13 Ідзіце ж, навучыцеся, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры»; бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў [на пакаянне].
14 Тады падыходзяць да Яго Іаанавы вучні, кажучы: Чаму мы і фарысеі [шмат] посцім, а Твае вучні не посцяць?
15 І сказаў ім Ісус: Ці могуць засмучацца сыны шлюбнага пакоя24, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады яны будуць пасціцца.
16 Ніхто ж не накладвае латкі з няваленага сукна на старое адзенне; бо прышытае аддзярэцца ад адзення, і дзірка зробіцца яшчэ горшая.
17 І не ўліваюць маладога віна ў старыя бурдзюкі; а то прарываюцца бурдзюкі, і віно выцякае, і бурдзюкі прападаюць; але ўліваюць маладое віно ў новыя бурдзюкі, і зберагаецца адно і другое.
18 Калі Ён гэта казаў, вось, прыйшоў адзін начальнік і ўпаў перад Ім, кажучы: Мая дачка толькі што памерла; але прыйдзі і ўскладзі Сваю руку на яе, і яна будзе жыць.
19 І, ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Яго.
20 І вось, жанчына, дванаццаць гадоў хворая на крывацёк, падышоўшы ззаду, дакранулася да кутасоў Яго адзення;
21 бо яна казала сама сабе: Як толькі дакрануся да Яго вопраткі — уратуюся.
22 А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: Мацуйся, дачка! Твая вера ўратавала цябе. — І з тае гадзіны жанчына выздаравела.
23 І калі Ісус прыйшоў у начальнікаў дом і ўбачыў флейтыстаў і ўсхваляваны натоўп,
24 сказаў ім: Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, а спіць. — І тыя смяяліся з Яго.
25 Калі ж натоўп выправадзілі, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
26 І разышоўся погалас пра гэта па ўсёй зямлі той.
27 І калі Ісус адыходзіў адтуль, услед [за Ім] ішлі два сляпыя, якія крычалі: Злітуйся над намі, Сыне Давідаў!
28 Калі ж Ён увайшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго, і Ісус кажа ім: Ці верыце вы, што Я магу зрабіць гэта? — Яны кажуць Яму: Так, верым, Госпадзе!
29 Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: Паводле вашай веры няхай будзе вам.
30 І ў іх адкрыліся вочы. І Ісус сурова загадаў ім, кажучы: Глядзіце, няхай ніхто пра гэта не ведае!
31 А яны, выйшаўшы, разнеслі погалас пра Яго па ўсёй той зямлі.
32 Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго нямога, апантанага чалавека.
33 І калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў; і дзівіліся натоўпы, кажучы: Ніколі такога яшчэ не бачылі ў Ізраілі.
34 А фарысеі казалі: Ён выганяе дэманаў сілаю начальніка дэманаў.
35 І абыходзіў Ісус усе гарады і сёлы, навучаючы ў іх сінагогах, абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач [у людзях].
36 І, убачыўшы натоўпы, Ён злітаваўся над імі, бо былі яны зняможаныя і кінутыя, нібы авечкі, у якіх няма пастуха.
37 Тады Ён кажа Сваім вучням: Жніво вялікае, ды работнікаў мала.
38 Дык маліце Гаспадара жніва, каб Ён выслаў работнікаў на Сваё жніво.

Каментары ці зноскі:

5 22: У некат. рукап.: табе.
8 23: У некат. рукап.: здзівіліся.
15 24: Г. зн. вясельныя госці.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Матфея, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014