Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

Матауша 9 Паводля Матауша 9 разьдзел

1 І ўвайшоўшы ў лодку, пераплыў назад і прыйшоў у свой горад.
2 І вось прынясьлі к яму спараліжаванага, ляжачага на пасьцелі. А Езус, бачачы іхню веру, сказаў паралітыку: Надзейся, сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
3 Тады некаторыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе: Ён блюзьніць.
4 Езус-жа, бачачы іхнія думкі, сказаў: Чаму вы думаеце благое ў сэрцах вашых?
5 Што бо лягчэй сказаць: «Адпушчаюцца табе грахі твае», ці сказаць: «Устань ды хадзі»?
6 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — тады кажа спараліжаванаму: Устань, вазмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой.
7 І ўстаў ды пайшоў у дом свой.
8 Грамады-ж, бачачы гэта, праняліся страхам і славілі Бога, які даў людзям такую ўладу.
9 І калі Езус ішоў адтуль, убачыў чалавека, сядзячага ля куноймітні, імянем Матауш. І сказаў яму: Ідзі за мною. І ён, устаўшы, пайшоў за ім.
10 І здарылася, калі ён сядзеў за сталом у доме, вось многія кунойміты й грэшнікі, прыйшоўшы, паселі за стол з Езусам і вучнямі ягонымі.
11 А, бачачы гэта, фарызэі казалі вучням ягоным: Чаму з грэшнікамі й куноймітамі есьць ваш вучыцель?
12 Езус-жа, пачуўшы, сказаў: Ня трэба здаровым лекара, але хворым.
13 Ідзецеж і навучэцеся, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры». Бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
14 Тады прыступіліся да яго вучні Янавы, кажучы: Чаму мы і фарызэі часта посьцім, а твае вучні ня посьцяць?
15 І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць сумаваць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Во, як прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога — тады пасьціцімуць.
16 Адыж ніхто на старую вопратку не кладзе латы сукна сырога, яна бо рве вопратку й робіцца горшая дзіра.
17 І ня ўліваюць новага віна ў мяхі старыя, ато мяхі прарвуцца й віно разліваецца й мяхі прапашчыя. Але новае віно ўліваюць у мяхі новыя, дык уцалее й адно й дрогое.
18 Калі ён гаварыў ім гэта, вось падыйшоў адзін старшы і кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, дачка мая толькі-што памерла, але прыйдзі, ўзлажы на яе руку тваю і будзе жыць.
19 І, ўстаушы, пайшоў за ім Езус і вучні ягоны.
20 І вось жанчына, што дванаццаць год хварэла на крывацечу, падыйшла ззаду й дакранулася да краю вопраткі ягонай.
21 Казала бо сама сабе: як дакрануся да яго вопраткі, буду здарова.
22 А Езус, абярнуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: Надзейся, дачка, вера твая цябе ўратавала. І жанчына стала здаровай ад тае гадзіны.
23 І калі прыйшоў Езус у дом старшага ды ўгледзеў жалейнікаў і галосячую сумятніў, сказаў
24 Адступецеся, дзяўцынка бо ня ўмерла, толькі спіць. І насьмяхаліся з яго.
25 Калі-ж выправілі народ, увайшоў, узяў яе за руку — і дзяўчынка устала.
26 І разыйшлася аб гэтым чутка па ўсёй той краіне.
27 А калі Езус прайходзіў адтуль, ішло за ім двух сьляпых і крычала кажучы: Зжалься над намі, Сыне Давідавы!
28 А як увайшоў у дом, прыступіліся да яго сьляпыя. І кажа ім Езус: Ці верыце вы, што я вам магу гэта зрабіць? Кажуць яму: Але, Усеспадару.
29 Тады дакрануўся да іхніх вачэй і гавора: Хай вам станецца паводле веры вашай.
30 І адчыніліся вочы іх. А Езус прыгразіў ім, кажучы: Глядзеце-ж, каб ніхто ня ведаў.
31 Яны-ж, выйшаўшы, расславілі яго па ўсёй той краіне.
32 Калі-ж тыя выйшлі, вось прывялі да яго нямога чалявека, маючага дзябальства.
33 І як-толькі быў выгнаны дзябал, нямы прагаварыў, а грамада дзівілася, гаворачы: ніколі ня бывала гэтага ў Ізраэлю.
34 А фарызэі гаварылі: Ён выганяе дзяблаў сілай князя дзябальскага.
35 І хадзіў Езус па ўсіх гарадох і вёсках, навучаючы ў іхніх бажніцах ды абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач.
36 Гледзячы-ж на грамады шкадаваў іх, былі бо зняможаны й ляжалі, як авечкі, ня маючыя пастыра.
37 Тады сказаў сваім вучням: Жніва-то вялікае, да работнікаў мала,
38 дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.