Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

Матауша 28 Паводля Матауша 28 разьдзел

1 А пасьля сыботы, на сьвітанні першага дня ў тыдні, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець гробу.
2 І вось зрабілася вялікае землятрасенне, анел бо Госпадаў зыйшоў з неба і, прыступіўшы, адваліў камень ды сеў на ім.
3 А быў воблік ягоны як маланка, акрыцьцё-ж — як сьнег.
4 І ад страху перад ім жахнулася варта й сталася як няжывая.
5 Адазваўшыся-ж анел сказаў жанчынам: Ня бойцеся, ведаю бо, што шукаеце Езуса, які быў укрыжаваны.
6 Няма яго тут, ён згробуўстаў, як сказаў. Хадзеце й паглядзеце месца, дзе Ўсеспадар быў паложаны.
7 Ды йдзеце хутка, скажэце вучням ягоным, што згробуўстаў; і вось ідзе перад вамі ў Галілею, там яго ўбачыце. Гэта запавяшчаю вам.
8 І выйшаўшы борзда із гробу, пабеглі з трывогай і радасьцю вялікай, паведаміць ягоных вучняў.
9 Прымеж таго спатыкае іх Езус, кажучы: Прывет вам! Яны-ж прыступіліся й абнялі ногі яго ў паклоне яму.
10 Тады сказаў ім Езус: Ня бойцеся! Ідзеце, паведамце братоў маіх, каб ішлі ў Галілею; там мяне ўбачаць.
11 Як яны адыйшлі, вось некаторыя з вартаўнікоў прыбеглі ў горад і паведамілі вышэйшых сьвятароў аб усім, што сталася.
12 Тыя-ж сабраўшыся з старшынамі й парадзіўшыся, далі стражніком даволі грошай,
13 угаварваючы: Кажэце, што вучні ягоны ўначы прыйшлі ды ўкралі яго, як мы спалі.
14 А калі-б дайшло гэта да начальніка, мы яго пераканаем і зробім вас бясьпечнымі.
15 Яны-ж, ўзяўшы грошы, зрабілі так, як былі навучаны. І праняслося гэтае слова паміж юдэямі аж па сянняшні дзень.
16 Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гору, куды сказаў ім Езус.
17 І ўбачыўшы яго, пакланіліся; а некаторыя сумняваліся.
18 Езус, падыйшоўшы, прамовіў да іх, кажучы: Дадзена мне ўся ўлада на небе й на зямлі.
19 Ідзеце вось-жа й навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Святога,
20 ды вучачы іх спаўняць усёчыста што я загадаў вам. А вось я з вамі праз усе дні, аж да сканчэння сьвету.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.