Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

Матауша 11 Паводля Матауша 11 разьдзел

1 І сталася, як скончыў Езус загады дванаццацём сваім вучням, перайшоў адтуль навучаць і прапаведваць па іхніх местах.
2 Ян-жа, калі дачуўся ў вязніцы аб дзейнасці Хрыстовай, паслаўшы двух вучняў сваіх,
3 сказаў яму: Ці ты той, што прыйсьці маецца, ці чакаць нам другога?
4 І адказваючы Езус ім гавора: Ідзеце й спавясьцеце Яна, што вы чулі й бачылі:
5 Сляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, запаветраныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя згробуўстаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія.
6 І багаслаўлёны, хто ня будзе горшыцца з мяне.
7 Калі-ж яны адыйшлі, пачаў Езус гаварыць грамадзе пра Яна: Што выйшлі вы ў пустыні ўгледзець? Трасьціну, што хістаецца ад ветру?
8 Што-ж выйшлі вы ўбачыць? Чалавека адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што адзяюцца ў далікатную адзежу прабываюць у магнацкіх палатах.
9 Дык што-ж выйшлі вы аглядаць? Прарока? Ады-ж, кажу вам, і болей, чым прарока.
10 Гэта бо той, аб якім напісана: «Вось я пасылаю анела перад воблікам тваім, які падрыхтуе шлях твой прад табою» (Малях. 3:1).
11 Сапраўды кажу вам: спаміж роджаных жанчынамі не паўстаў большы за Яна Хрысьціцеля: адыж найменшы ў валадарстве нябесным, вялікшы за яго.
12 Ад дзёнжа Яна Хрысьціцеля аж дагэтуль валадарства нябеснае гвалт церпіць і раптоўнікі захопліваюць яго.
13 Усе бо прарокі і закон прарочылі аж да Яна;
14 і калі хочаце ведаць, гэта ён Гальяш, які прыйсьці маецца.
15 Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
16 Да каго-ж я прыраўную род гэты? Ён падобны да хлапчанят, што седзячы на рынку, крычаць да сваіх равесьнікаў,
17 кажучы: «Мы йгралі вам, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі».
18 Прыйшоў бо Ян, ня есьць і ня п’е, а яны кажуць: «Нячысьціка мае».
19 Прыйшоў Сын чалавечы, які есьць і п’е, і кажуць: «Во чалавек абжора ды вінажлоп, сябра грашаемцаў і грэшнікаў». І спраўдзілася мудрасьць на сваіх дзецях.
20 Тады пачаў дакараць гарадом, у якіх найболей сталася ягоных цудаў, за тое, што не пакутавалі.
21 Гора табе, Корозаім, гора табе, Бэтсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сыдоне дзееліся цуды, якія ў вас дзееліся, дык даўно ў зрэбніцы й попеле пакутавалі-б.
22 Адыж кажу вам: Тыру й Сыдону лягчэй будзе ў судны дзень, як вам.
23 А ты, Кафарнауме, ці-ж да неба аж падымешся? — Аж да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме дзееліся цуды, якія ў табе дзееліся, то можа-б яна асталася аж па гэты дзень.
24 Адыж кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў судны дзень, як табе.
25 І ў той час Езус, адазваўшыся, прамовіў: Слаўлю цябе, Ойча, Усеспадару неба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных, а выявіў недалеткам.
26 Так, Ойча, гэтак бо спадабалася табе.
27 Усё мне перадана Айцом маім. І ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына й каму Сын абявіць захоча.
28 Прыйдзеце ка мне ўсе працуючыя й абцяжаныя, а я вас узмацую.
29 Вазмеце на сябе ярмо маё й ад мяне вучэцеся, я бо ціхі й пакорнага сэрца, і знойдзеце суцеху душам вашым.
30 Бо ярмо маё прыемнае, а цяжар лягонькі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.