Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

Да рымлян 1 Да рымлян 1 разьдзел

1 Павал, слуга Езуса Хрыстуса, пакліканы Апостал, прызначаны для Божай Эванэліі,*
2 якую загадзіць (Бог) абяцаў праз сваіх Прарокаў у сьвятых Пісаннях,
3 аб Сыне сваім, які целам стаўся яму з насення Давіда
4 й адкрыўся Сынам Божым паводля духа усьвячэння ды праз паўстанне зь мяртвых, Езусе Хрыстусе, Усеспадару нашым,*
5 празь якога мы атрымалі ласку і апастольства, каб дзеля імя Ягонага здабываць да паслушнасьці для веры ўсе народы;
6 між якімі ёсьць і вы пакліканыя Езуса Хрыстуса;
7 — усім у Рыме ўмілаваным Божым, пакліканым да сьвятасьці, ласка і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
8 Перш за ўсё дзякую Богу майму праз Езуса Хрыстуса за ўсіх вас, што вера ваша слыве па ўсім сьвеце.
9 Бог мне сьветкай, Якому служу духам маім у Эванэліі Сына Яго, што няўпынна спамінаю вас,
10 просячы ў малітвах маіх заўсёды, каб усёж калінебудзь воля Божая пашчасьціла да вас дастацца.
11 Бо вельмі хацеўбы пабачыцца з вамі, каб удзяліць вам які дар духовы для ўмацавання вашага,
12 ці то парадавацца з вамі супольнаю вераю вашаю й маёю.
13 А ня хочу, браты, пакінуць вас у няведанні таго, што я часта зьбіраўся к вам прыбыць — але аж дагэтуль не дазвалялі перашкоды — каб і ў вас мець нейкі пажытак, як і ў другіх народаў.*
14 Грэкам і барбарам, мудрым і нямудрым, даўжніком зьяўляюся;*
15 восьжа (што да мяне), я гатоў і вам, каторыя ў Рыме, вясьціць Эванэлію.
16 Я бо Эванэліі ня стыдзіўся, таму што яна ёсьць моцай Божай да збаўлення кажнаму веручаму, Жыду перш, ды і Грэку;
17 бо ў ёй адкрываецца справядлівасьць Божая зь веры ў веру, як напісана: А справядлівы зь веры жыве (Габ. 2:4).*
18 Аб’яўляецца бо гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і несправядлівасьць тых людзей, што праўду беспраўднасьцю тамуюць.
19 Бо-ж тое, што можна даведацца аб Богу, ёсьць для іх яўным, Бог бо ім гэта унаяўніў:*
20 нябачнае ў Ім, навет справечная моц і боства ягона, у стварэнні сьвету праз одум над творамі дабачваецца; так-што адмануцца ім нельга
21 ад таго, што пазнаўшы Бога, не аддалі Яму чэсьці й падзякі, як Богу, а блазіліся ў мудрошчах сваіх і амарочылася бяздумнае сэрца іх;
22 у называнні сябе мудрымі абясьцямелі
23 і хвалю нетлага Бога перападобнілі сьмяротнаму чалавеку, птушкам, чацьвёраногім ды гадам.
24 Таму-ж і аддаў іх Бог у похацях сэрцаў іхніх нячыстасьці, каб апаганьвалі між сабою целы свае,
25 бо праўду Божую замянілі яны на хвальш і аддавалі чэсьць ды служылі стварэнню, а не Стварыцелю, каторы багаслаўлёны ёсьць навекі. Амэн.
26 Дзеля таго Бог іх аддаў ганебнай жорсьці: жанчыны бо іхнія замянілі натуральнае ужыванне на антынатуральнае;
27 гэтаксама й мужчыны, заняхаіўшы натуральнае ужыванне жанчыны, разьярваліся пажадлівасьцю адзін да другога, мужчыны на мужчынах дапушчаліся сораму, нясучы на сабе належную заплату за сваё блюдадзейства.
28 А як яны ня рупіліся мець у пазнані Бога, здаў іх Бог на бязглуздыя замыслы — рабіць няпрыстойнасьць;
29 так-што яны поўныя ўсякай няпраўды, злосьці, блюдадзейства, прагавітасьці, подласьці, поўныя ненавісьці, людабойства, сваркі, ашуканства, закатнасьці, падшэпніцтва;
30 зьвяглівыя паклёпнікі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, надутыя пышліўцы, вынаходнікі новых збродняў, непаслушныя бацьком,
31 неразважныя, вераломныя, нязгодалюбныя, бязь літасьці й бяз міласэрдзя.
32 Яны, ведаючы праведны Божы прысуд — што гэтак паступаючыя варты сьмерці — ня толькі самы гэта робяць, але й другім у гэтым спрыяюць.

Каментары ці зноскі:

1 ...прызначаны — ў арыгінале: выдзелены = segregatus, каб паказаць, што пакліканы да эванэлізацыі ў асаблівы, цудоўны спосаб (г. Ап. Дз. 13:2).

4 ...целам стаўся — на жаданне Айца прыняў людзкую натуру з роду Давіда; а паводля духа ўсьвячваючага і цудоўнага згробуўстання паказаў, што мае і Боскую натуру, ёсьць Сын Божы.

13 ...пажытак — не які матарыяльны сваекарысны, але духова-збаўленны.

14 ...барбарам — не ў значэнні ганьбавальным для тых, што не зьяўляюцца Грэкамі, а толькі, каб акрэсьліць, як абыдна там тады гаварылася, пра тых людзей, што не валадалі грэцкай мовай.
Даўжніком зьяўляюся скарбу атрыманай ад Бога Эванэліі, якую вам мушу аддаць...

17 — Сілаю Эванэліі Хрыстус-Бога ўсе людзі стаюцца справядлівымі = годнымі ласкі збаўлення, ці праведнымі, таму яе ня стыджуся, (жыды бо ёю ганьбавалі); па-за Хрыстусам і яго навукай няма збаўлення, таму трэба яе канечне прыняць, тады яна дасьць веру, якою праведны жыць будзе, як казаў прарок Габакук, і яму адкрыецца ўсё з большаю яснасьцю «зь веры ў веру» пазнанне тае канечнасьці.

19 — Усё чалавецтва прызнана грэшным, вінаватым; а перш за ўсё пагане, бо-ж яны праз сваю віну адступілі ад праўдзівага пазнання Бога і кінуліся ў балванахвальства, да глыбіні разбэсьціўшыся і спадлеўшы ў думках, заміж разьвіцьця прыродаведы, даказваючай прамудрасьць і лад у прыродзе, паходзячыя ад творчай Першапрычыны. Досьледы прыроды да гэтага прыводзяць натуральны не здэморалізаваны розум чалавека. Гэтая навука Апостала была акрэсьленая на першым Ватыканскім Саборы (1870) як догма веры. Апостал бо цьвярдзіў, што пагане маглі і павінны былі прызнаць праўду аб БОГУ ПРАЎДЗІВЫМ, ДЫЙ НЯ ТОЛЬКІ МАГЛІ ПАЗНАЦЬ, АЛЕ ФАКТЫЧНА ПАЗНАВАЛІ (Арыстотэлес, Платон), але пазнаўшы ня прыймалі. З гэтага вынікае, што ў нашых часах кажны чалавек, вучоны ці нявучоны, кіруючыся прыродным розумам мае магчымасьць пазнаць існасьць Бога, а таму й абавязаны яе прыняць, ды аддаваць Яму чэсьць. Сама прырода, адкрываючая свае цудоўныя тайніцы, да гэтага панукае, Як той сьв. Ян Залатавусны кажа: «Бог паставіў перад намі (паганамі) сваё стварэнне, пры агледзінах, досьледзе, бачнага прыгаства якога, вучыўся і мудрэц, і невук, і адлюдак, і барбар падыймацца думкаю к Богу» (Тв.т. IX, б.511).


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст сьвятога апостала Паўла да рымлян, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.