Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

Да рымлян 4 Да рымлян 4 разьдзел

1 штож — спытаем — здабыў айцец наш Абрагам водля цела?
2 Калі Абрагам апраўданы учынкамі, ён мае пахвалу, але ня ў Бога.
3 Што бо кажа Пісанне? Уверыў Абрагам Богу і гэта залічана яму у апраўданне (Быц. 15:6).
4 Таму хто працуе прызнаецца плата не з ласкі, але з належнасьці,
5 а хто не працуе, але верыць у Таго, Каторы апраўдвае грэшніка, вера яго залічаецца за праведнасьць (водля пастановы з ласкі Бога).
6 Як і Давід называе шчасьлівым чалавека, якому Бог прызнае праведнасьць без учынкаў:
7 Багаслаўлёныя, каму нягоднасці адпушчаны і грахі пакрытыя.
8 Багаслаўлёны муж, якому граху Бог не палічыць (Пс. 31:1−2).
9 Восьжа, ці гэтая багаслаўлёнасьць датычыць толькі абразаных, ці такжа й неабразаных? Бо гаворым, што Абрагаму вера палічана за праведнасьць.
10 Якжа палічана? У абразанні, ці ў неабразанні? Не пасьля абразання, але перад абразаннем.
11 І атрымаў знак абразання, як пячаць праведнасьці, зь веры, якую меў перад абразаннем; так-што стаўся айцом усіх веручых, навет неабразаных, каб і ім была прызнана праведнасьць;
12 ды каб быў айцом абразання не адно тых абразаных, але й тых, што ходзяць сьлядамі веры айца нашага Абрагама, якую меў ён, ня будучы абразаным.
13 Бо не Законам было дадзена Абрагаму й ягоным нашчадкам прырачэнне, што ён станецца дзедзічам сьвету, але праведнасьцю веры.
14 Калі бо спадкаемцамі ёсьць тые, што з Закону, дык пустая тады вера, пустаслоўнае прырачэнне;
15 бо-ж Закон спрычыняе гнеў: дзе няма Закону, няма і праступку.
16 Дзеля таго зь веры, каб было з ласкі, каб прырачэнне аказалася моцнае, для цэлага патомства, ня толькі для таго, што з Закону ёсьць, але і для таго, што зь веры Абрагама, айца ўсіх нас —
17 як напісана: Я паставіў цябе айцом многіх народаў (Быць. 17:4−5) — перад Богам, Якому ўверыў, Які ажыўляе памерлых і няіснуючае называе існуючым.
18 Проці надзеі уверыў ён у надзею стацца айцом многіх народаў паводле сказанага: Гэтак будзе тваё патомства (Быць. 15:5).
19 і не пахіснуўся ў веры, не зважаючы на сваё заміраючае, амаль сталетняе ўжо, цела, ані на прымярцьвелую нутробу Сары.
20 Дый датычна Божага прырачэння не пахіснуўся празь недавяранне, але падмацаваны верай аддаў хвалю Богу,
21 упэўнены, што ўсё абецанае мае моц і даканаць.
22 Таму і палічана яму гэта за праведнасьць.
23 Дый не датычна яго аднаго толькі напісана: Палічана яму (15:6),
24 але датычна й да нас, якім будзе ўлічана вера ў Таго, Каторы абудзіў зь мяртвых Езуса Усеспадара нашага,
25 што быў выданы за нашы грахі ды згробуўстаў для нашага апраўдання.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст сьвятога апостала Паўла да рымлян, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.