Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Да Рымлянаў 4 Да Рымлянаў 4 разьдзел

1 Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?
2 Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.
3 Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць».
4 Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;
5 а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.
6 Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:
7 «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;
8 дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху».
9 Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.
10 Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.
11 І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,
12 і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.
13 Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне — быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.
14 Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;
15 бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.
16 Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, —
17 як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.
18 Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе семя тваё».
19 І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;
20 не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,
21 і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.
22 Таму і залічылася яму ў праведнасьць.
23 А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,
24 але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,
25 Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне да Рымлянаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002