Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Рымлянаў 4 Да Рымлянаў 4 разьдзел

1 Што ж, скажам, знайшоў Аўраам, наш прабацька паводле цела?
2 Бо, калі Аўраам быў апраўданы з учынкаў, то яму ёсць чым хваліцца, але не перад Богам.
3 Бо што кажа Пісанне? «І Аўраам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасць».
4 Таму, хто робіць, плата налічваецца не з ласкі, а з абавязку.
5 А таму, хто не робіць, але веруе ў Таго, Хто апраўдвае грэшніка, яго вера залічваецца ў праведнасць;
6 як і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае праведнасць незалежна ад учынкаў.
7 «Шчаслівыя тыя, чые беззаконні дараваныя і чые грахі пакрытыя.
8 Шчаслівы чалавек, якому Госпад ні ў якім разе не залічыць граху».
9 Дык гэтая шчаслівасць адносіцца да абразання, ці і да неабразання? Бо мы кажам: «Вера была залічана Аўрааму ў праведнасць».
10 Дык як была залічана? Пасля абразання альбо да абразання? Не пасля абразання, а да абразання.
11 І ён атрымаў знак абразання — як пячатку праведнасці той веры, якую меў у неабразанні, каб яму быць бацькам усіх тых у неабразанні, хто веруе, каб і ім была залічана праведнасць,
12 і бацькам абразання для тых, хто не толькі мелі абразанне, але і ішлі па слядах веры бацькі нашага Аўраама, якую ён меў у неабразанні.
13 Бо не праз закон было дадзена абяцанне Аўрааму альбо яго патомству, што ён спадкаемец свету, але праз праведнасць веры.
14 Бо калі спадкаемцы — тыя, хто ад закона, то вера апустошаная і абяцанне не дзейнічае;
15 бо закон нараджае гнеў; а дзе няма закону, няма і злачынства.
16 Таму спадчыннасць з веры, каб яна была з ласкі, каб абяцанне было цвёрдым для ўсяго патомства, не толькі паводле закона, але і паводле веры нашчадкаў Аўраама, які бацька ўсіх нас,
17 як напісана: «Я прызначыў цябе бацькам многіх народаў», бацькам перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае як існае.
18 Ён насуперак надзеі, увераваў у надзеі, што ён стане бацькам многіх народаў згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе тваё патомства».
19 І, не аслабеўшы ў веры, ён не паглядзеў на сваё цела як на ўжо амярцвелае, бо яму было амаль сто гадоў, і на амярцвелае ўлонне Сары;
20 але не засумняваўся нявер’ем у абяцанні Божым, але быў умацаваны вераю, узнёсшы славу Богу,
21 і быў зусім ўпэўнены, што Ён мае сілу і выканаць тое, што абяцаў.
22 Таму гэта [і] было залічана яму ў праведнасць.
23 І не толькі дзеля яго было напісана, што гэта было залічана яму,
24 але і дзеля нас, тых, каму будзе залічвацца, хто веруе ў Таго, Які ўваскрэсіў з мёртвых Ісуса, нашага Госпада,
25 Які быў аддадзены за нашы грахі і ўваскрэшаны дзеля нашага апраўдання.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Рымлянаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014