1 Дык я пытаюся: няўжо Бог адкінуў Свой народ? Зусім не. Бо і я ізраільцянін з патомства Аўраамавага, племя Веньямінава.
2 Не адкінуў Бог Свайго народа, які Ён наперад ведаў. Ці вы не ведаеце, што кажа Пісанне пра Ілію, як ён скардзіцца Богу на Ізраіля?
3 «Госпадзе, прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі, і я застаўся адзін і шукаюць маёй душы»8.
4 Але што кажа яму Боскі адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваалам».
5 Дык гэтак і ў цяперашні час, паводле выбару ласкі, захаваўся астатак.
6 Але калі ласкаю, то ўжо не з учынкаў, а то ласка не была б ужо ласкаю.
7 Дык што? Чаго шукае Ізраіль, таго ён не дасягнуў; а выбраныя дасягнулі, астатнія ж акамянелі,
8 як напісана: «Даў ім Бог дух атупення, вочы, каб не бачыць, і вушы, каб не чуць, аж да сённяшняга дня».
9 І Давід кажа: «Няхай будзе стол іх пасткаю, і сілком, і спакусаю, і адплатаю ім,
10 няхай зацьмяцца іх вочы, каб не бачыць, і іх спіну сагні назаўсёды».
11 Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся так, што ўпалі? Зусім не. Але ў іх памылцы — выратаванне язычнікам, каб выклікаць рупнасць у іх.
12 Калі ж іх памылка — багацце для свету, і іх страта — багацце язычнікам, то тым больш — іх паўната.
13 Вам жа кажу, язычнікам; дык як апостал язычнікаў я праслаўляю маё служэнне —
14 ці не абуджу я рупнасць утых, хто аднаго са мною цела, і ці не выратую некаторых з іх?
15 Бо калі адхіленне іх — прымірэнне свету, то які набытак іх, як не жыццё з мёртвых?
16 Калі жрошчына святая, то і цеста, і калі корань святы, то і галіны.
17 Калі ж некаторыя з галін былі адламаныя, і ты, дзікая аліва, быў прышчэплены між імі і стаў супольнікам кораня ўрадлівасці ў алівы, —
18 то не выхваляйся перад галінамі; калі ж выхваляешся — ведай: не ты корань трымаеш, а корань цябе.
19 Дык ты скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены».
20 Добра; яны былі адламаныя з-за нявер’я, а ты стаіш вераю. Не фанабэрся, а бойся;
21 бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, то можа не пашкадаваць і цябе.
22 Дык убач дабрыню і суровасць Божую: да тых, хто ўпаў, — суровасць, а да цябе — дабрыня Божая, калі будзеш заставацца ў Яго дабрыні, а то і ты будзеш адсечаны.
23 Але і тыя, калі не застануцца ў нявер’і, будуць прышчэплены, бо Бог мае сілу зноў прышчапіць іх.
24 Бо калі ты быў адсечаны ад дзікай з прыроды алівы і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай алівы, то тым больш яны, прыродныя, будуць прышчэплены да сваёй уласнай алівы.
25 Бо я не хачу, каб вы, браты, не ведалі гэтай таямніцы, каб вам не быць разумнымі самім па сабе: акамяненне сталася Ізраілю часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў.
26 І так увесь Ізраіль будзе выратаваны, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца [і] адверне бязбожнасць ад Іякава.
27 І гэта ім ад Мяне запавет, калі Я здыму іх грахі».
28 Згодна з дабравесцем яны ворагі дзеля вас, а згодна з абраннем — улюбёныя дзеля бацькоў.
29 Бо Божыя дары і пакліканне неадменныя.
30 Бо як вы былі некалі непакорлівыя Богу, цяпер жа вы памілаваныя праз іхнюю непакорлівасць,
31 так і яны цяпер не скарыліся, каб праз ласку да вас цяпер і яны былі памілаваныя.
32 Бо ўсіх Бог зняволіў непакораю, каб усіх Ён памілаваў.
33 О глыбіня багацця, мудрасці і ведання Божага! Як неспасціжныя Яго суды і недаследныя Яго шляхі!
34 Бо хто спазнаў розум Госпада? Або хто стаў Яму дарадцам?
35 Або хто першы даў Яму, і таму будзе аддадзена?
36 Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і да Яго. Яму хвала навекі. Амін.
Каментары ці зноскі:
3 8: Гэта значыць: хoчуць забіць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да Рымлянаў, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014