Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Рымлянаў 11 Пасланне да Рымлянаў 11 разьдзел

Рэшта Ізраэля

1 Таму пытаюся: няўжо Бог адкінуў свой народ? Канешне, не! Бо і я ізраэльцянін, з патомства Абрагама, з роду Бэньяміна.
2 Не адкінуў Бог народ свой, які пазнаў раней. Ці ж не ведаеце, што пра Іллю кажа Пісанне? Як ён абвінавачваў перад Богам Ізраэль:
3 «Пане, прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Твае зруйнавалі. Застаўся я адзін, а яны палююць на маё жыццё».
4 Але што адказвае яму Бог?

«Я пакінуў сабе сем тысяч чалавек, што не схілілі калені перад Баалам».

5 Вось так і цяпер, паводле выбару ласкі, захавалася рэшта.
6 А калі праз ласку, то не праз учынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай.
7 І што? Чаго Ізраэль шукаў, таго не дасягнуў. Выбраныя дасягнулі, астатнія заўпарціліся,
8 як напісана:

«Даў ім Бог духа здранцвення: вочы, якімі не бачаць, і вушы, якімі не чуюць, ажно па сённяшні дзень».

9 І Давід кажа:

«Няхай будзе іх стол пасткаю і сілом, спакусай і адплатаю ім.

10

Няхай зацьмяцца вочы іх, каб не бачыць,
і хрыбет іх няхай будзе сагнуты назаўсёды!»

Збаўленне язычнікаў і аднова Ізраэля

11 Таму кажу: няўжо яны спатыкнуліся, каб упасці? Канешне, не! Але ад іх падзення прыйшло збаўленне язычнікам, каб абудзіць у іх руплівасць.
12 Калі ж падзенне іхняе — гэта багацце для свету, а іхняе прыніжэнне — багацце для язычнікаў, то наколькі ж большая іх паўната!
13 Я кажу вам, язычнікам: як Апостал язычнікаў я праслаўляю сваё служэнне,
14 каб абудзіць руплівасць сярод сваіх суайчыннікаў і каб прывесці да збаўлення некаторых з іх.
15 Бо калі адкідванне іх — гэта прымірэнне для свету, то што ж тады іх прыняцце, калі не паўстанне з мёртвых да жыцця?
16 Калі рошчына святая, то і цеста; і калі корань святы, то і галлё.
17 Калі ж некаторыя з галін адламаліся, а ты, будучы дзікай аліўкай, прышчапіўся замест іх і жывішся ад аліўкавага кораня,
18 то не выхваляйся перад галінамі. Калі выхваляешся, то памятай, што не ты трымаеш корань, але корань цябе.
19 Можа скажаш: «Галіны адламаліся, каб я быў прышчэплены».
20 Добра. Яны адламаліся з прычыны бязвер’я, а ты трымаешся дзякуючы веры. Не ўзвышайся, але бойся.
21 Калі Бог прыродных галін не пашкадаваў, то і цябе не пашкадуе.
22 Убач дабрыню і суровасць Божую: суровасць да адпаўшых, а дабрыню Божую да цябе, калі будзеш трываць у гэтай дабрыні. Інакш і ты будзеш адрэзаны.
23 Яны ж, калі не застануцца ў бязвер’і, будуць прышчэпленыя, бо мае Бог моц ізноў прышчапіць іх!
24 Калі ты адрэзаны ад натуральнай для цябе дзікай аліўкі і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай аліўкі, тым больш тыя, прыродныя, будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі.
25 Не хачу пакінуць вас, браты, у няведанні гэтай таямніцы, каб вы не лічылі сябе мудрымі, таму што ўпартасць ахапіла Ізраэль часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў.
26 І так увесь Ізраэль збавіцца, як напісана:

«Прыйдзе з Сіёна Вызваліцель і адверне бязбожнасць ад Якуба.

27

Гэта запавет Мой з імі, калі забяру грахі іхнія».

28 Паводле Евангелля — яны ворагі праз вас;
29 а паводле выбрання — умілаваныя з прычыны айцоў. Бо дары і пакліканне Божае нязменныя!
30 Як і вы некалі былі непаслухмяныя Богу, а цяпер памілаваны праз іхнюю непаслухмянасць,
31 гэтак і яны цяпер непаслухмяныя, каб праз змілаванне над вамі і яны былі памілаваныя.
32 Бог замкнуў усіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць!
Гімн Божай мудрасці

33 О глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя!
34 Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным?
35 Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату?
36 Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланне да Рымлянаў, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019