Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Рымлянаў 4 Пасланне да Рымлянаў 4 разьдзел

Прыклад Абрагама

1 Што, скажам, знайшоў Абрагам, наш праайцец, паводле цела?
2 Калі Абрагам апраўдаўся ўчынкамі, то мае чым хваліцца, але не перад Богам.
3 Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць».
4 Плата працаўніку залічваецца не з ласкі, але з абавязку.
5 А таму, хто не працуе, але верыць у таго, хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца як справядлівасць.
6 Так і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае справядлівасць незалежна ад учынкаў:
7 «Шчаслівыя, каму беззаконне дараванае і чые грахі закрытыя;
8 шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыць граху».
Апраўданне незалежна ад абразання

9 Ці гэтае шчасце датычыць абрэзаных, ці таксама неабрэзаных? Мы кажам, што «Абрагаму вера залічана як справядлівасць».
10 Калі залічана? Пасля абразання ці да абразання? Не пасля абразання, але да абразання.
11 І знак абразання ён атрымаў, як пячаць справядлівасці праз веру, якую меў у неабразанні, так што ён стаўся айцом усіх веруючых у неабразанні, каб таксама ім была залічана справядлівасць,
12 і айцом абрэзаных, якія не толькі прынялі абразанне, але таксама ідуць па слядах веры айца нашага Абрагама, якую ён меў да абразання.
Апраўданне незалежна ад Закону

13 Абяцанне Абрагаму і ягонаму патомству, што ён будзе спадкаемцам свету, было дадзена не праз Закон, але праз справядлівасць веры.
14 Калі спадкаемцы тыя, што з Закону, то вера не мае значэння, і непатрэбнае абяцанне.
15 Бо Закон наклікае гнеў, а дзе няма Закону, няма і злачынства.
16 Таму абяцанне — з веры, каб было справай ласкі, каб мела моц для ўсяго патомства. Не толькі для тых, хто абапіраецца на Закон, але і для тых, хто трымаецца веры Абрагама, які ёсць айцом усіх нас.
17 Як напісана: «Я паставіў цябе айцом многіх народаў», — перад абліччам Бога, якому ён паверыў як таму, хто ажыўляе памерлых і кліча няіснае да існавання.
18 Ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: «Такім будзе патомства тваё».
19 І не аслаб у веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары мёртвым.
20 Не засумняваўся ў абяцанні Божым, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу
21 і будучы цалкам упэўненым, што Бог мае моц выканаць абяцанае.
22 Таму гэта і залічана яму як справядлівасць.
Прыклад веры для хрысціянаў

23 Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму,
24 але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія вераць у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага,
25 які быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрос дзеля нашага апраўдання.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланне да Рымлянаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019