Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Рымлянаў 16 Пасланне да Рымлянаў 16 разьдзел

Прывітанні

1 Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая служыць Касцёлу ў Кенхрах.
2 Прыміце яе ў Пану, як належыць святым, і забяспечце яе тым, чаго яна магла б патрабаваць ад вас, бо і яна была апякункай многіх ды і мяне самога.
3 Прывітайце Прысцылу і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Езусе,
4 якія рызыкавалі сабой дзеля мяне, якім не толькі я дзякую, але і ўсе Касцёлы язычнікаў.
5 Прывітайце таксама Касцёл, які збіраецца ў іх доме. Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які першым адкрыў Азію для Хрыста.
6 Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для вас.
7 Прывітайце Андроніка і Юнія, родных маіх і сувязняў маіх, якія вылучаюцца між Апосталаў і былі ў Хрысце раней за мяне.
8 Прывітайце Ампліята, умілаванага майго ў Пану.
9 Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысце, і Стахія, умілаванага майго.
10 Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з дому Арыстобуля.
11 Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, хто з дому Нарцыза, якія належаць Пану.
12 Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Пану. Прывітайце ўмілаваную Персіду, якая шмат папрацавала ў Пану.
13 Прывітайце Руфа, выбранага ў Пану, ды маці яго і маю.
14 Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Гермеса, Патроба, Гермаса ды іншых з імі братоў.
15 Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі святых.
16 Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Касцёлы Хрыста.
Перасцярога перад фальшывымі настаўнікамі

17 Прашу вас, браты, сцеражыцеся тых, хто сее падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучаныя. Ухіляйцеся ад іх.
18 Бо такія служаць не Пану нашаму Хрысту, а свайму чэраву, і мілай гаворкай ды красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных.
19 Вашая паслухмянасць вядома ўсім, таму радуюся за вас. Хачу, каб вы былі мудрыя ў добрым і незаплямленыя злом.
20 А Бог спакою неўзабаве скрышыць сатану пад вашымі нагамі.
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста няхай будзе з вамі.
Апошнія прывітанні Паўлавых паплечнікаў

21 Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, ды Луцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае.
22 Вітаю вас у Пану і я, Тэрцый, які напісаў гэтае пасланне.
23 Вітае вас Гай, які прымае мяне, і ўвесь Касцёл. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт.
24 [отсутсвует]
Гімн хвалы або даксалогія

25 Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле майго дабравесця і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі,
26 але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры,
27 адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланне да Рымлянаў, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019