Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Матэя 11 Эвангельле Матэя 11 разьдзел

1 І сталася, як Ісус скончыў павучаньне сваім дванаццацём вучням, перейшоў адтуль навучаць і прапаведваць па іншых местах.
2 Іван-жа, пачуўшы ў турме аб дзейнасьці Хрыста, паслаў двох сваіх вучняў
3 сказаць Яму: "Ці Ты той, што мае прыйсьці, ці нам чакаць другога?"
4 І сказаў ім Ісус у адказ: "Ідзеце абвясьцеце Івану, што чулі і бачылі.
5 Сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажонныя ачышчаюцца, глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Эвангельле.
6 І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне".
7 Калі-ж тыя адыйшлі, Ісус пачаў гаварыць аб Іване: "Чаго глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трасьціну, што хістаецца ад ветру?
8 Што-ж убачыць хадзілі вы? Ці чалавека апраненага ў мяккую вопратку? Вось тыя, што апранаюцца ў мяккае адзеньне знайходзяцца ў каралеўскіх дамох.
9 Дык што-ж убачыць хадзілі вы? Прарока? Сапраўды кажу вам і больш як прарока.
10 Бо ён той, аб кім напісана: Вось я пасылаю майго анёла перад Тваім абліччам, які прастуе Твой шлях перад Табою.
11 Сапраўды кажу вам: З народжаныі жанчынамі не паўстаў большы за Івана Хрысьціцеля, але найменшы ў Нябесным Валадарстве, большы за яго.
12 Ад дзён Іване Хрысьціцеля аж да цяпер Нябеснае Валадарства здабываецца сілаю і гвалтоўнікі захопліваюць яго.
13 Бо ўсе прарокі і закон прарочылі аж да Івана,
14 і калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.
15 Хто мае вушы, хай слухае.
16 Але да каго прыраўную гэты род? Ён падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і крычаць да сваіх равесьнікаў,
17 кажучы: мы гралі вам і вы не скакалі; мы галасілі і вы ня плакалі.
18 Бо прыйшоў Іван; ня есьць, ня п’е, і кажуць: мае нячысьціка.
19 Прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п’е; і кажуць: вось чалавек абжора і выпівайка, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдалася мудрасьць уласнымі ўчынкамі".
20 Тады Ён пачаў дакараць месты, у якіх найбольш выявілася Ягоная моц, за тое, што не пакаяліся.
21 "Гора табе Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі-б у Тыру і Сыдоне выявілася моц, якая выявілася ў вас, то яны даўно пакаяліся-б у валасяніцы і попеле.
22 Таму кажу вам: Тыру і Сыдону будзе лягчэй у судны дзень, чымся вам.
23 А ты, Капэрнаум, ці-ж уздымешся аж да неба? Не, аж да пекла зыйдзеш; бо калі-б у Садоме выявілася моц, выяўленая ў табе, то ён ператрываў-бы да сёньняшняга дня.
24 Дык кажу вам, што садомскай зямлі будзе лягчэй у судны дзень, чымся табе".
25 І адазваўшыся ў той час, Ісус прамовіў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і выявіў тое дзецям.
26 Так Ойча, бо гэтак спадабалася Табе.
27 Усё перадана Мне Маім Айцом і ніхто ня знае Сыне апрача Айца і Айца ніхто ня знае апрача Сына, і каму хоча Сын аб’явіць.
28 Прыйдзеце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжаныя і Я ўмацую вас.
29 Вазьмеце Маё ярмо на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я ціхі і лагоднага сэрца і знойдзеце супакой вашым душам.
30 Бо Маё ярмо любае і Мой цяжар салодкі".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле паводле Матэя, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.