Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Матэя 3 Эвангельле Матэя 3 разьдзел

1 У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, навучаючы ў Юдэйскай пустыні
2 і кажучы: пакайцеся, бо наблізілася Нябеснае Валадарства.
3 Бо ён той, аб якім казаў прарок Ісаія: голас гукаючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце Ягоныя сьцежкі.
4 Сам-жа ён меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на сваёй паясьніцы, ягонаю ядою была шаранча і дзікі мёд.
5 Тады Ерузалім ды ўся Юдэя і ўсе Іарданскія ваколіцы выходзілі да яго
6 і хрысьціліся ў Іардане, спавядаючыся з сваіх грахоў.
7 Убачыўшы-ж мноства ферысэяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: род гадзючы! хто перасьцярог вас уцякаць ад будучага гневу?
8 Учынеце-ж плады годныя пакаяньня
9 і ня думайце гаварыць самі сабе: бацьку маемо Аўраама; бо кажу вам, што Бог можа з гэтых каменьняў падняць дзяцей Аўрааму.
10 Ужо і сякера ля карэньняў дрэваў ляжыць; кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе сьсечана і ўкінена ў агонь.
11 Я хрышчу вас вадою на пакуту, але Той, што йдзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варт несьці абутак яго. Ён будзе вас хрысьціць Сьвятым Духам і агнём.
12 Ягоная веялка ў Ягонай руцэ і Ён ачысьціць свой ток і зьбярэ сваю пшаніцу ў сьвірны, а мякіну спаліць неўгасаючым агнём.
13 Тады прыйшоў Ісус з Галілеі на Іардан да Яна хрысьціцца ў яго.
14 Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне.
15 Але Ісус сказаў яму ў адказ: пакінь цяпер, бо гэтак нам належыць выконваць усякую праўду. Тады Ян дапускае Яго.
16 І ахрысьціўшыся Ісус, як толькі выйшаў з вады, вось расчыніліся Яму нябёсы і ўбачыў Сьвятога Духа, Каторы сходзіў, як голуб і апускаўся на Яго.
17 І вось голас з неба, гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, Якому спагадаю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле паводле Матэя, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.