Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Мацьвея 3 Евангеля Мацьвея 3 разьдзел

1 Тых дзён Яан Хрысьціцель, абяшчаючы, прыбыў на пустыню Юдэйскую,
2 Кажучы: «Кайцеся, бо дабліжылася гаспадарства нябёснае!»
3 Бо ён тый, праз каго сказана Ісаям прарокам, кажучы: «Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, раўнуйце сьцежкі Ягоныя!»
4 А тый Яан меў адзецьце сабе зь вярблюджае поўсьці й дзягу на сьцёгнах сваіх; і ежаю яму была шаранча а дзікі мёд.
5 Тады выходзіў да яго Ерузалім а ўся Юдэя а ўся аколіца ёрданская.
6 І хрысьціліся ў яго ў Ёрдане раццэ, спавядаючыся з грахоў сваіх.
7 І як ён бачыў шмат каго з фарысэяў а садукеяў, што прыходзілі да яго хрысьціцца, ён казаў ім: «Родзе гадавы, хто перасьцярог вас уцякаць ад надыходзячага гневу?
8 Дык давайце плады годныя каяты;
9 І ня думайце казаць самым сабе: ’Айцец у нас Абрагам’, бо кажу вам, што можа Бог із камянёў гэтых узьняць дзеці Абрагаму.
10 І цяпер таксама сякіра да караня дзерваў прыложана; дык кажнае дзерва, што не даець добрага плоду, будзе сьсечана й кінена ў цяпло.
11 Я хрышчу вас у вадзе на каяту, але Тый, што йдзець просьле мяне, дужшы за мяне, чыйго вобую я ня годны панесьці; Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым а агню.
12 Веялка Ягоная ў руццэ Ягонай, і ачысьце ток Свой, і зьбярэць пшонку Сваю да сьвірна, а ўмецьце спале агнём нязгасным».
13 Тады прыбывае Ісус із Ґалілеі на Ёрдан да Яана, каб прыняць хрэст ад яго.
14 Але Яан забараніў Яму, кажучы: «Я патрабую быць хрышчаным Табою, а Ты прыходзіш да мяне».
15 Але Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Дазволь цяпер, бо належа нам выпаўніць усю справядлівасьць». Тады ён дазволіў Яму.
16 І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз вышаў з вады; і, гля, рашчыніліся нябёсы над Ім, і абачыў Духа Божага, што спушчаўся, як галуба, і зыходзіў на Яго.
17 І, гля, голас ізь нябёсаў, кажучы: «Гэта Сын Мой умілаваны, Каторага Я ўпадабаў!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Мацьвея, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.