Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Мацьвея 3 Мацьвея 3 разьдзел

1 У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, абвяшчаючы ў пустыні Юдэйскай
2 і кажучы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
3 Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму».
4 Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд.
5 Тады выходзілі да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдану,
6 і хрысьціліся ў яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае.
7 А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: «Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
8 Учыніце ж плод, годны навяртаньня,
9 і ня думайце гаварыць у думках сваіх: “Бацьку маем Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.
10 Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
11 Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні.
12 Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным».
13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб хрысьціцца ў яго.
14 Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?»
15 А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць». Тады дапускае Яго.
16 І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго.
17 І вось, голас з неба, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Мацьвея, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023