Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Мацьвея 2 Мацьвея 2 разьдзел

1 Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць:
2 «Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».
3 Пачуўшы гэтае, Ірад валадар устрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім.
4 І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос.
5 Яны ж сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока:
6 “І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль”».
7 Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі.
8 І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».
9 Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над [месцам], дзе было Дзіцятка.
10 Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю.
11 І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну.
12 І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.
13 Калі ж яны адыйшлі, вось, анёл Госпада зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго».
14 Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і пайшоў у Эгіпет.
15 І там быў да сьмерці Ірада, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Эгіпту паклікаў Я сына Майго».
16 Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў.
17 Тады споўнілася сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа:
18 «Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма».
19 А пасьля сьмерці Ірада, вось, анёл Госпада ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце
20 і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці».
21 Ён устаў, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраіля.
22 А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; але, атрымаўшы слова ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.
23 І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Мацьвея, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023