Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Мацьвея 2 Паводле Мацьвея 2 разьдзел

1 Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць:
2 дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
3 Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім.
4 І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
5 Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока:
6 «І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля».
7 Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі
8 і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
9 Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
10 Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай,
11 і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
12 І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.
13 Калі ж яны адышлі, — вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14 Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,
15 і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «Зь Егіпта паклікаў Я Сына Майго».
16 Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.
17 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:
18 «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма».
19 А як Ірад памёр, — вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце
20 і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21 Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
22 Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
23 і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002