Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Мацьвея 23 Паводле Мацьвея 23 разьдзел

1 Тады Ісус прамовіў да народу і да вучняў Сваіх, кажучы:
2 на Майсеевым пасадзе заселі кніжнікі і фарысеі.
3 Вось-жа, уважайце на ўсё, што яны кажуць вам, і выконвайце, але не рабеце подля ўчынкаў іхных, бо яны гавораць, а ня выконваюць.
4 Бо яны навязваюць ношы цяжкія і прыгнятальныя, і ўскладаюць на плечы людзкія, а самі пальцам крануць іх ня хочуць.
5 Усе-ж учынкі свае яны свае яны ладзяць дзеля таго.ю каб бачылі іх людзі; павялічваюць слоўныя скарбонкі свае і пашыраюць полы вопраткі свае.
6 І любяць першыя месцы на банкетах і першыя лавы ў сынагогах.
7 І вітаньні на рынкавых пляцох і вялічаньні ад людзей: вучыцель, вучыцель!
8 А вы не называйцеся вучыцелямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а вы ўсе — браты.
9 І айцом сабе нікога не называйце на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Хто ў небе ёсьць.
10 І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
11 Большы з вас няхай будзе вам слугою.
12 Бо хто ўзвышаецца, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, павышаны будзе.
13 Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што зачыняеце Ўладарства Нябеснае прад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, каторыя хучуць увайсьці, не дапускаеце.
14 Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што аб'ядаеце домы ўдавіцаў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта цяжэйшы прысуд дастанеце.
15 Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб навярнуць хоць аднаго, і калі здабудзеце, робіце яго сынам пекла, удвая горшым за вас.
16 Гора вам, правадыры сьляпыя, калі кажаце: — хто паклянецца царквою — гэта нічога, а хто паклянецца золатам царкоўным, — ёсьць правінны.
17 Збуялыя і сьляпыя! што-ж большае, золата ці царква, якім асьвячае золата?
18 Таксама: — калі хто паклянецца ахвярнікам, гэта — нічога, але калі паклянецца ахвяраю, якая на ім, — то правінны.
19 Збуялыя і сьляпыя! што-ж большае, ахвяра ці ахвярнік, які асьвячае ахвяру?
20 Але-ж той, хто паклянецца ахвярнікам, клянецца і ім і ўсім тым, што на ім.
21 І калі хто паклянецца царквою, то клянецца ёю і Тым, Хто прабывае ў ёй.
22 А хто клянецца небам, клянецца Прастолам Божым і Тым, Хто пасядае на ім.
23 Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, а зьневажаеце найважнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэтае належала выконваць і таго не пакідаць.
24 Правадыры сьляпыя, што камара адцэджваеце, а вярблюда глытаеце.
25 Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што ачышчаеце звонку кубкі і міскі звонку, а ўсярэдзіне поўныя дзярлівасьці і нячыстоты.
26 Фарысей сьляпы! ачысьць перш нутро кубка і місы, каб чыстымі сталіся і звонку.
27 Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што прыпадабняецеся да гробаў пабяляных, якія звонку выдаюцца прыгожымі, а ўсяродку поўныя трупяных касьцей і ўсякага бруду.
28 Гэтак і вы: звонку паказваецеся людзям справядлівымі, а нутро поўнае крывадушнасьці і беззаконьня.
29 Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце памятнікі праведнікам.
30 І кажаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі ў праліцьці крыві прарокаў.
31 Гэтым вы самі супраць сябе сьветчыце, што вы сыны тых, якія пабівалі прарокаў.
32 Дапоўняйце-ж меру айцоў вашых.
33 Гады, пароджаньне гадаўя! Як унікнеце вы асуджэньня у геену?
34 Дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; вы-ж адных заб'яце і укрыжуеце, іншых будзеце пабіваць у сынагогах вашых і гнаць будзеце з места да места.
35 Няхай падзеля вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захара, сына Варахііна, якога вы забілі між царквою і алтаром.
36 Папраўдзе, кажу вам, што ўсё гэта прыйдзе на род гэты.
37 Ерусалім, Ерусалім, пабіўшы прарокаў і каменяваўшы пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы не захацелі.
38 І вось пакідаецца дом ваш парожны. Бо кажу Я вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, дакуль ня ўсклікнеце: — Дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе.

Каментары ці зноскі:

7 на рынкавых пляцох — ці — на рынках.
14 няшчыра — ці — зманліва.
16 паклянецца царквою — ці — прысягае на царкву.
18 паклянецца ахвярнікам — ці — прысягае на ахвярнік.
20 клянецца і ім — ці — клянецца і ім самім.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Мацьвея, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.