1 І прыступілі да Яго фарысеі і садукеі ды спакусьліва прасілі Яго паказаць ім знаменьні з неба.
2 Ён-жа ў адказ сказаў ім: — увечары вы кажаце — будзе пагода, бо неба чырвеніцца.
3 А раніцай кажаце: Сёньня непагадзь, бо неба багрыцца і захмурваецца. Крывадухі! воблік неба распазнаць умееце, а знаменьняў часу пазнаць ня можаце.
4 Род ілжывы і чужаложны знаменьняў шукае, але знаменьне ня дасца яму, апрача знаменьня Йоны прарока; і пакінуўшы іх, адыйшоў.
5 Калі перабраліся на другі бок мора, вучні Яго забыліся ўзяць хлебы.
6 Ісус-жа сказаў ім: — глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай.
7 І яны думалі сабе, разважаючы: — гэта значыць, што мы хлябоў не ўзялі.
8 Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: — што разважаеце ў сабе, малаверныя, што хлебоў не ўзялі?
9 Ці яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі карабоў назьбіралі?
10 Альбо пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі карабоў назьбіралі?
11 Як-жа не разумееце, што не пра хлеб гаварыў Я вам — сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай.
12 Тагды яны зразумелі, што казаў ім сьцерагчыся ня закісі хлебнай, але навукі фарысейскай і садукейскай.
13 Прыйшоўшы ў землі Кесарыі Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: — за каго людзі прызнаюць Мяне, Сына Чалавечага?
14 Яны сказалі: — адны за Яна Хрысьціцеля, іншыя за Ільлю, а яшчэ іншыя за Ерамію, альбо за аднаго з прарокаў.
15 Кажа ім Ісус: — а вы за Каго Мяне прызнаеце?
16 І, адказваючы, Сымон Пётра сказаў: — ты Хрыстос, Сын Бога Жывога.
17 Ісус прамовіў яму ў адказ: — шчасьлівы ты, Сымоне, сын Йонін, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой Нябесны.
18 І Я кажу табе: Ты Пётра — камень, і на гэтым камені пастаўлю Царкву Маю, і моц пякельная не адолее яе.
19 І дам табе ключы Ўладарства Нябеснага, і што зьвязаш на зямлі, будзе зьвязана ў нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязана і ў нябёсах.
20 Тады Ісус забараніў вучням Сваім гаварыць, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
21 З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць іці ў Ерусалім і штам пацярпець ад старэйшын і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскроснуць.
22 Пётра-ж, адазваўшы Яго, стаў угаворваць Яго, кажучы: — зьмілуйся над Сабой, Госпадзе, няхай ня станецца гэтага з Табою.
23 Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: — адыйдзі ад Мяне, шатане! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра Божае, але пра чалавечае.
24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча йсьці за Мною, адрачыся самога сябе і возьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною.
25 Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе,
26 а хто карысьць чалавека, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў? або які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
27 Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады ўздасьць кажнаму подля ўчынкаў яго.
28 Папраўдзе кажу вам: ёсьць некаторыя з тых, якія тут стаяць, што не зазнаюць сьмерці, як ужо ўбачаць Сына Чалавечага, калі прыйдзе ў Уладарстве Сваім.
Каментары ці зноскі:
2 чырвеніцца — ці — чырвана.
8 малаверныя — ці — малавернікі.
18 пастаўлю — ці — збудую.
23 адыйдзі — ці — адступіся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.