1 І падышлі да Яго фарысеі і садукеі, і, выпрабоўваючы, прасілі Яго, каб паказаў ім знак з неба.
2 І Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Калі вечарэе, кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”.
3 А раніцай: “Сёння навальніца, бо неба пахмурнела”. Крывадушнікі, Выгляд неба вытлумачыць вы ўмееце, а знакаў часу не можаце.
4 Племя ліхое і чужаложнае знака шукае, ды іншы знак не будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адышоўся.
5 А калі паплылі вучні Яго праз мора, забыліся ўзяць хлябоў.
6 І сказаў ім Ісус: «Чувайце, асцерагайцеся кіслі фарысеяў і садукеяў».
7 А яны разважалі між сабой, кажучы: «Хлябоў мы не ўзялі».
8 Ісус, ведаючы гэта, сказаў: «Што вы, малаверы, разважаеце між сабой, што хлябоў не маеце?
9 Ці ж яшчэ не разумееце і не помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч чалавек? І колькі кашоў назбіралі?
10 Ані таксама пра сем хлябоў на чатыры тысячы чалавек? І колькі корабаў набралі?
11 Няўжо вы не разумееце, што Я не пра хлябы вам гаварыў: “Сцеражыцеся кіслі фарысеяў і садукеяў”»?
12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім, каб не кіслі хлебнай асцерагаліся, але навукі фарысеяў і садукеяў.
13 І прыйшоў Ісус у межы Цэзарэі Піліпавай, і спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «За каго лічаць людзі Мяне, Сына Чалавечага?»
14 А яны сказалі: «Адны за Яна Хрысціцеля, другія за Іллю, а іншыя за Ярэмію або за аднаго з прарокаў».
15 Кажа Ён ім: «А вы як кажаце, кім Мяне называеце?»
16 Адказваючы, Сімон Пётра сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
17 А Ісус, адказваючы, сказаў: «Дабраславёны ты, Сімон Бар Ёна, бо не цела і кроў аб’явілі табе, але Айцец Мой, Які ў небе.
18 І Я табе кажу: “Ты — Пётра, і на гэтым камені пабудую царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе.
19 Ды дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе; і што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе”».
20 Потым загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён Ісус Хрыстос.
21 Ад гэтага часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што трэба Яму ісці ў Ерузалім, і многа цярпець ад старэйшын і ад першасвятароў і кніжнікаў, ды быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
22 І, адвёўшы Яго, Пётра пачаў Яго папракаць, кажучы: «Пашкадуй Сябе, Госпадзе, да не прыйдзе гэта на Цябе».
23 А Ісус, павярнуўшыся, сказаў Пётры: «Ідзі ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэнне. Бо не разумееш тое, што Божае, але што чалавечае».
24 Тады сказаў Ісус вучням Сваім: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мной.
25 Бо хто б хацеў уратаваць душу сваю, загубіць яе. А хто загубіць душу сваю за Мяне, знойдзе яе.
26 Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй шкоду ўчыніць? Або што чалавек дасць наўзамен за душу сваю?
27 Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі і тады аддасць кожнаму паводле спраў яго.
28 Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у Валадарстве Сваім».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Мацвея, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017