Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Лукаша 1 Паводле Лукаша 1 разьдзел

1 Зачынальная прадмова Лукаша. 5 Захары й Альжбета. 15 Ян Хрысьціцель, якім ён быў. 20 Захары анямеў ад недаверу. 26 Ангел Гаўрыель вітае Дзеву Марыю. 31 Зачацьце Ісуса. 39 Марыя вітае Альжбету. 46 Песьня Марыіна. 57 Альжбета нараджае Яна. 68 Песьня Захарыя, калі вярнулася да яго мова. 76 Дзеяньні Янавы. 80 Узмацненьне Янава ў духу.
1 Так як іншыя браліся ўкладаць аповесьці пра добра вядомыя між намі падзеі,
2 І як пераказалі нам тыя, якія ад самага пачатку былі вачавідцамі й служыцелямі Слова,
3 Гэтак і я прызволіў сабе, добра разьведаўшы ўсё ад пачатку, папарадку апісаць табе, высокадастойны Тэафіле,
4 Каб уверыўся ты ў праўдзівасьць таго вучэньня, у якім быў настаўлены.
5 Быў у дні Ірада, караля Юдэйскага, сьвячэньнік з чаргі Авіевай, на імя Захары, і жана яго з дочак Ааронавых, а імя ёй — Альжбета.
6 Былі-ж яны абое праведныя прад Богам, беззаганна трымаючыся прыказаньня і законаў Гасподніх.
7 І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбета была няплодная, і абое былі ўжо паджылыя ў гадох сваіх.
8 Аднойчы, калі ён у парадку чаргі свае служыў прад Богам,
9 Выпала яму, паводля ўкладу сьвятарскага, ўвайсьці ў Сьвятыню Гасподнюю кадзіць.
10 А ўся маса народу ў часе каджэньня малілася вонках.
11 І сталася: зьявіўся яму ангел Божы, стоячы з правага боку кадзільнага ахвярніка.
12 Захары, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
13 Ангел-жа сказаў яму: — ня бойся, Захары, бо выслухана малітва твая, і жана твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя — Ян.
14 І будзе табе радасьць і ўцеха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго.
15 Бо ён вялікі будзе прад Госпадам, ня будзе піць віна й пітва крэпкага, і напоўніцца Духам Сьвятым яшчэ ў улоньні маці свае.
16 І многіх сыноў Ізраілевых прыверне да Госпада Бога іх.
17 І пярэйдзе перад Ім у духу й сіле Ільлі, каб прывярнуць сэрцы бацькоў да дзецей, а нявернікаў да мудрасьці праведнікаў, каб паставіць прад Госпадам народ прыгатаваны.
18 І сказаў Захары ангелу: — пачым я пазнаю гэта? бо я ўжо стары, і жана мая ў гадох паджылых.
19 Ангел у адказ сказаў яму: — я Габрыель, прад Богам пастаўлены, і пасланы гаварыць з табою й абвесьціць табе гэтую дабравесьць.
20 Вось-жа ты анямееш, і ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у якім гэта станецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў часе сваім.
21 Тымчасам народ чакаў Захарыя й дзівіўся, што ён марудзіць у храме.
22 Калі-ж ён выйшаў, то ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў прывід у храме; а ён толькі паказваў на мігі, і астаўся нямым.
23 А калі скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
24 Па тых-жа днёх зачала Альжбета, жана ягоная, і таілася пяць месяцаў і гаварыла:
25 — Так учыніў мне Гаспад у дні гэтыя, калі ўважыў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі.
26 На шостым-жа месяцы пасланы быў ангел Гаўрыель ад Бога ў места Галілейскае, званае Назарэт;
27 Да Дзевы, заручанай з мужам, на імя Язэп, з дому Давыдавага, а імя Дзевы — Марыя.
28 І ўвайшоўшы да яе, ангел прамовіў: — радуйся, добрадарная! Гаспад з табою! дабраславёная ты між жанчын.
29 Яна-ж, убачыўшы яго, затрывожылася ад слоў ягоных і разважала: што-б значыла прывітаньне гэткае?
30 І сказаў ёй Ангел: — ня бойся, Марыя, вось здабыла ты ласку ў Бога.
31 І ты зачнеш у ўлоньні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
32 Ён будзе вялікім і Сынам Найвышэйшага назавецца; і дасьць Яму Гаспад Бог пасад Давыда, айца Ягонага.
33 І ўладарыць будзе над домам Якуба навек, і Ўладарству Яго ня будзе канца.
34 Марыя-ж сказала Ангелу: — як-жа гэта станецца, калі я мужа ня знаю?
35 І Ангел у адказ сказаў ёй: — Дух Сьвяты найдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе, таму й народжанае Сьвятое Сынам Божым назавецца.
36 Вось і Альжбета, сваячка твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе.
37 Бо-ж у Бога не зьняважыцца ніводнае слова.
38 Тады Марыя сказала: — я слуга Гаспада, няхай станецца мне подля слова твайго; і адыйшоў ад яе Ангел.
39 І вось, у дні тыя, Марыя, ўстаўшы, сьпешна пайшла ў горную краіну, у места Юдава.
40 І ўвайшла ў дом Захарыя й вітала Альжбету.
41 І сталася: калі пачула Альжбета вітаньне Марыіна, узыгралася дзіцятка ў улоньні яе; і пранялася Альжбета Духам Сьвятым.
42 І ўсклікнула моцным голасам, прамовіўшы: — дабраславёна ты між жанчын, і дабраславёны плод улоньня твайго!
43 І скуль-жа мне гэта, што маці Госпада майго прыйшла да мяне?
44 Бо калі голас вітаньня твайго дайшоў да слыху майго, радасна ўзыграла дзіцятка ў улоньні маім.
45 І шчасьлівая ты, што паверыла, бо збудзецца сказанае ад Госпада.
46 І прамовіла Марыя: — вялічае душа мая Госпада,
47 І ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасе маім.
48 Бо ўзглянуў Ён на пакорнасьць слугі Свае, і ад дзён гэтых уласкавёнай будуць зваць мяне ўсе роды.
49 Бо велікае ўчыніў мне Моцны, і Сьвятое Імя Яго.
50 І міласьць Яго з роду ў род для тых, хто баяцца Яго.
51 Выявіў магутнасьць рукі Сваей, расьвеяў пагардлівых у помыслах сэрцаў іхных;
52 Пазьнімаў уладных з прастолаў і ўзьняў пакорных;
53 Надзяліў галодных дабром, і багацеяў зьвёў да спусьцізны.
54 Успаняў Ізраіля, слугу Свайго, памянуўшы міласэрдзем Сваім;
55 Як прамоўляў айцам нашым — Абрагаму й патомству ягонаму на векі.
56 Прабыла-ж Марыя з ёю каля трох месяцаў ды вярнулася ў дом свой.
57 Альжбете-ж настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
58 І дачуліся суседзі й сваякі яе, што абдарыў яе Гаспад міласьцю Сваею, і радаваліся з ёю.
59 І вось надыйшоў восьмы дзень, калі прыйшлі абрэзаць дзіцятка, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага — Захары.
60 Але маці запярэчыла, сказаўшы: — не, няхай названы будзе Ян.
61 І сказалі ёй: — няма-ж нікога ў родзе тваім, хто-б зваўся імём гэтым.
62 Тады на мігі пыталіся ў бацькі яго, як-бы ён хацеў назваць яго.
63 Ён-жа зажадаў дошчачку й напісаў: Ян — імя яму; усе-ж задзівіліся.
64 І ўраз-жа расчыніліся вусны ягоныя й разьвязаўся язык, і ён пачаў гаварыць, праслаўляючы Бога.
65 І праняў страх ўсіх суседзяў, і расказвалі пра ўсё гэта па ўсей горнай краіне Юдэйскай.
66 Усе, хто чулі гэтае, прынялі ўсё да сэрца свайго й гаварылі: — што-ж будзе з дзіцяці гэтага? і рука Гасподняя была з ім.
67 Захары-ж, бацька яго, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, прамаўляючы:
68 — Сьвятаслаўлен Гаспад Бог Ізраілеў, Ён адведаў і ўчыніў выбаўленьне народу Свайму.
69 І ўзьняў голас збавеньня нашага ў доме Давыда, слугі Свайго;
70 Як абвесьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх:
71 Збавеньне ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;
72 Праявіць міласьць да бацькоў нашых і ўспамяне Сьвяты Запавет Свой.
73 Прырачэньнем, якое даў айцу нашаму Абрагаму, абдарыць нас;
74 Каб выбаўленыя з рукі ворагаў нашых,
75 Мы бяз боязьні служылі Яму ў сьвятасьці й праўдзе прад Ім праз усе дні жыцьця нашага.
76 І ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага назавешся, бо прадстанеш прад абліччам Госпада прыгатаваць шляхі Яму.
77 Падаць людзям сваім сьведамасьць збаўленьня праз адпушчэньне грахоў іхных.
78 Праз міласэрную літасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыняў,
79 Прасьвяціць тых, хто ў цемры й змроку сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на дарогу згоды.
80 Дзіця-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях аж да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.

Каментары ці зноскі:

28 радуйся, добрадарная — ці — прывітаньне, міласердная.
48 уласкавёнай — ці — дабраславёнай.
50 для тых, хто баяцца Яго — ці — для паслушных Яму.
52 уладных — ці — дужых, гардых; ўзьняў — ці — узвысеў.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Лукаша, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.