1 Хрыстовае Уваскрасеньне. 9 Уваскросшы Ісус перш зьяўляецца Марыі Магдалене, а потым іншым. 15 Пасылае вучняў у сьвет на прапаведаньне. 19 Усшэсьце Хрыстовае на неба.
1 Пасля сыботы Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламія купілі пахучых масьцяў, каб намасьціць Цела Ісуса.
2 І вельмі рана, на ўсходзе сонца, у першы дзень тыдня, прыйшлі да гробу.
3 I гаварылі між сабою: — хто нам адваліць камень ад дзьвярэй гробу? І, узглянуўшы, убачылі, што камень адвалены, а быў ён вельмі вялікі.
4 Увайшоўшы-ж да гробу, яны ўбачылі юнака; ён сядзеў з правага боку, адзеты ў белае адзеньне, яны жахнуліся.
5 Ён-жа кажа ім: — ня бойцеся; шукаеце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага?
6 Ён уваскрос, няма Яго тут, вось месца, дзе быў паложаны.
7 Але йдзеце скажэце вучням Яго і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галілею, там Яго ўбачыце, як і казаў вам.
8 I яны, выйшаўшы, пабеглі ад гробу; і ахапіла іх дрыготка і трывога, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9 Iсус, уваскросшы раненька ў першы дзень тыдня, зьявіўся перш Марыі Магдалене, з якое выгнаў сем злыдухаў.
10 Яна-ж пайшла і абвесьціла тым, якія былі з Ім, а цяпер моцна тужылі і плакалі.
11 Але яны, пачуўшы, што Ён жывы і што яна бачыла Яго, — не паверылі.
12 Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум з іх у дарозе, калі яны йшлі ў паселішча.
13 I тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі іншым, але і ім не далі веры.
14 Урэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны былі за сталом, і дакараў ім за нявер'е і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага.
15 І сказаў ім: — ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Евангельле ўсякаму стварэньню.
16 Хто паверыць і ахрысьціцца, збавёны будзе, а хто не паверыць, асуджаны будзе.
17 І хто паверыць, тым прыслужныя будуць гэткія знаменьні: імём Маім будуць выганяць злыдухаў, і будуць гаварыць новымі мовамі
18 i будуць браць зьмей, і калі што
мяртвячае вып’юць, не пашкодзіць ім, пакладуць рукі на
хворых — і здаровымі стануць.
19 І тады, пасьля мовы да іх, Госпад узьнёсся на неба і сеў праваруч Бога.
20 Яны-ж пайшлі і прапаведвалі ўсюды, і Госпад успамагаў ім, усьцяж знаменьнямі сьцьвярджаў словы іх.
Каментары ці зноскі:
13 не далі веры — ці — не паверылі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.