Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Марка 16 Паводле Марка 16 разьдзел

1 І калі прайшла субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава і Саламея купілі пахнідлаў, каб пайшоўшы намасьціць Езуса.
2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу ўжо па ўсходзе сонца.
3 І гаварылі паміж сабою: Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб?
4 І глянуўшы, убачылі адвалены камень; бо быў ён надта вялікі.
5 І ўвайшоўшы ў гроб, увідзелі маладзяна, сядзячага па правай старане, адзетага ў белую вопратку і астаўпянелі.
6 Ён сказаў ім: Ня бойцеся. Вы шукаеце Езуса Назарэнскага, укрыжаванага; ён ускрос, няма яго тут. Вось мейсца, дзе яго палажылі!
7 Але ідзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што ідзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам.
8 Яны-ж выйшаўшы, уцяклі ад гробу, бо напала на іх дрыжаньне і страх; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9 А ўскросшы рана ў першы дзень тыдня, зьявіўся сьпярша Марыі Магдалене, з каторай выгнаў сем д’яблаў.
10 Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых.
11 Яны-ж, пачуўшы, што жыве і быў бачаны ёю, не паверылі.
12 Пасьля-ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым, калі яны ішлі ў сяло.
13 А яны, прыйшоўшы, паведамілі другіх, і ім не паверылі.
14 Урэшце, зьявіўся гэным адзінаццацём, як сядзелі за сталом і выгаварваў недаверства іх і закамянеласьць сэрца, што ня верылі тым, каторыя відзелі яго ўскросшым.
15 І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэньню.
16 Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто ня ўверыць, будзе асуджаны.
17 А за тымі, што ўвераць, будуць ісьці такія знакі: У імя маё будуць выганяць д’яблаў, будуць гаварыць новымі мовамі:
18 вужоў будуць браць і хоць-бы што сьмяротнае пілі, не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць, і будуць мецца добра.
19 А Пан Езус, пасьля таго як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба і сядзіць праваруч Бога.
20 Яны-ж пайшоўшы абвяшчалі ўсюды, а Пан памагаў і ўцьвярджаў мову знакамі, якія ішлі ўсьлед за імі.

Каментары ці зноскі:

1 У пятніцу яны ня мелі часу накупіць пахнідлаў, дык робяць гэта ў суботу вечарам, як адыйшоў шабат.

2 «У першы дзень тыдня» г. зн. у нядзелю, калі ледзь пачынала сьвітаць.

8 Убачыўшы анёла і пусты гроб, жанчыны спужаліся, бо гэта ўжо было для іх незразумелым. Яны спачатку баяліся гаварыць каму аб гэтым, што бачылі.

15 «Усяму стварэньню» г. зн. стварэньню разумнаму, людзям.

16 З волі Хрыста ўсе людзі павінны прызнаць яго навуку. Вера і хрост ёсьць першым канечным варункам збаўленьня, а другім — жыцьцё паводле загадаў Хрыстовых, як аб гэтым сказаў выразна сам Хрыстус (Мт. 28:20). Да збаўленьня патрэба споўніць усё, што загадаў Хрыстус, а да асуджэньня даволі адсутнасьці аднэй рэчы: веры, бо хто ня верыць, ужо асуджаны (Ян 3:18).

17 Гэтых слоў ня трэба разумець так, што кожны, хто верыць у Хрыста, будзе чыніць цуды. Тут Хрыстус толькі прадказвае, што ў ягоным Касьцёле будуць дзеяцца цуды, калі яны будуць патрэбны дзеля пашырэньня і ўцьвярджэньня веры хрысьціянскай, дзеля карысьці Касьцёла або дзеля якіх іншых вышэйшых мэтаў. Дзеля гэтых мэтаў і цяпер дзеюцца цуды (напр. у Лурд).

19 Чалавецтва Хрыста не сваей моцай узыйшло ўнеба, але было ўзьнятае моцай Божай, як злучанае з Асобай Слова — з Сынам Божым.

Сядзець праваруч Бога значыць: уладаць разам з Богам Айцом усім сьветам.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.