1 Ізноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на зямлі каля мора.
2 І навучаў іх многа ў прыповесьцях і казаў ім у сваей навуцы:
3 Слухайце! Вось выйшаў сяйбіт сеяць.
4 І калі ён сеяў, адно ўпала каля дарогі і прыляцелі птушкі нябесныя і зьелі яго.
5 А другое ўпала на месца камяністае, дзе ня мела многа зямлі, і зараз узыйшло, бо зямля была няглыбокая;
6 і калі ўзыйшло сонца, завяла, і дзеля таго што ня мела кораня, зсохла.
7 А іншае ўпала ў церні, і ўзыйшлі церні і заглушылі яго і не дало плоду.
8 А іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, каторы ўзыйшоў і рос — і адно прынясло трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто
9 І казаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
10 І калі быў адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, ўто з ім былі, аб прыповесьці.
11 І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу каралеўства Божага, а для тых, каторыя ўвонках, усё адбываецца ў прыповесьцях,
12 каб «гледзячы глядзелі і ня бачылі, слухаючы слухалі і не разумелі; каб часам не навярнуліся і ня былі ім адпушчаны грахі» (Із. 6:9-10).
13 І сказаў ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа-ж вы зразумееце ўсе прыповесьці?
14 Той, хто сее, слова сее.
15 А тыя, што каля дарогі, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як прачуюць, зараз прыходзіць д’ябал і забірае слова, якое было пасеена ў сэрцах іх.
16 І таксама і тыя, каторыя на месцы камяністым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасьцяй прыймаюць яго,
17 але, ня маючы кораня ў сабе, яны ёсьць часовыя, потым, як падымецца ўцісьненьне і прасьлед дзеля слова, зараз горшацца.
18 І іншыя ёсьць, каторыя сеюцца ў цернях, гэта тыя, каторыя слухаюць слова,
19 але турботы сьвету і мана багацьця і іншыя пажаданьні, увайшоўшы, глушаць слова і стаецца бяз плоду.
20 А каторыя на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод, адно трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто.
21 І казаў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці-ж не на тое, каб паставіць яе на ліхтар?
22 Бо няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца тайнага, але каб выйшла наверх.
23 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
24 І казаў ім: Глядзеце, чаго слухаеце! Якою меркаю вы адмерыце, такою і вам будзе адмерана і будзе вам дадзена.
25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое, што ён мае.
26 І казаў: Гэтак ёсьць з каралеўствам Божым, як калі-б чалавек укінуў насеньне ў зямлю,
27 ён і сьпіць і ўстае, уначы і ўдзень, а насеньне ўсходзіць і расьце, калі ён ня ведае.
28 Бо зямля сама з сябе прыносіць плод: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
29 А калі дасьпее плод, зараз пушчае серп, бо прыйшло жніво.
30 І казаў: Да чаго ўпадобнім каралеўства Божае, або да якое прыповесьці прыраўнаем яго?
31 Як гарчычнае зерне, каторае, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншае за ўсякае насеньне, якое ёсьць на зямлі.
32 А калі пасеецца, узрастае і робіцца большым за ўсе гародніны і пускае вялікія галіны, так што пад ценем яго могуць жыць птушкі нябесныя.
33 І многімі такімі прыповесьцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць,
34 а бяз прыповесьці не гаварыў да іх. Асобна-ж вучням сваім выясьняў усё.
35 І ў той дзень, калі зрабілася позна, сказаў ім: Пераплывем на той бок.
36 І яны, адпрвіўшы народ узялі яго, так як быў, у лодцы; і былі з ім другія лодкі.
37 І ўзьнялася вялікая бура ветру і гнала хвалі на лодку, так што напаўнялася лодка.
38 А ён быў на задзе лодкі сплючы на падушцы. І збудзілі яго і кажуць яму: Вучыцель, ці-ж табе ня рупіць, што мы гінем?
39 І ўстаўшы, прыгразіў ветру і сказаў мору: Маўчы, сьціхні! І перастаў вецер і зрабілася вялікая цішыня.
40 І сказаў ім: Чаму вы баязьлівыя? І яшчэ ня маеце веры? І зьняў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто-ж гэта такі, што вецер і мора слухаюць яго?
Каментары ці зноскі:
1 Тут гутарка аб «моры» (возеры) Галілейскім або Гэнэзарэт.
2 «Каторыя ўвонках» г. зн. каторыя па-за апосталамі. Гутарка тут аб жыдоўстве, якое асталося далёка ад навукі Хрыстовай. Для яго ўсё ў прыповесьцях, бо на болей не заслужылі.
12 Гл. выясьненьні Мт. 13:15.
17 «Яны часовыя» г. зн. трываюць у добрым толькі да часу. «Горшацца» — тут у значэньні адпадаюць.
21 Гэтай сьвечкай тут ёсьць навука аб каралеўстве Божым, вылажаная ў прыповесьці аб сяйбіце.
22 Прынамся па сьмерці, у загробным жыцьці, усё таёмнае выявіцца.
24 Хто слухае і стараецца зразумець Божую навуку, той даходзіць да вялікіх ласкаў у Бога і Бог яму яшчэ з дабраты сваей дае болей, чым ён стараўся.
25 Гл. Мт. 13:12.
29 У гэтай прыповесьці Езус рысуе пачатак, узрост і падзеі свайго Касьцёла, каторы не адразу зьяўляецца, але расьце, так як зерне, сілай моцы Божай.
32 Гл. Мт. 13:32.
34 Аб іншых справах Хрыстус гаварыў адкрыта, ня ўжываючы прыповесьці, але аб каралеўстве Божым гаварыў у прыповесьцях, каб памалу прыгатаваць жыдоў да зразуменьня гэтага, якое яны разумелі ў сэнсе народна-палітычным, а не духовым.
38 Лодкі даўней, таксама як і цяпер, мелі часам лавачкі з падушкамі для лепшых гасьцей.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.