Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Марка 13 Паводле Марка 13 разьдзел

1 І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі!
2 І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны.
3 І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй:
4 Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца?
5 І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў.
6 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Што гэта я ёсьць», і многіх зьвядуць.
7 Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец.
8 Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю.
9 А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім.
10 І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам.
11 І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты.
12 А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць.
13 І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
14 А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна — хто чытае, няхай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
15 а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго;
16 а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.
17 Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні!
18 Малецеся-ж, каб ня сталася зімою.
19 Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
20 І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні.
21 І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там — ня верце.
22 Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных.
23 Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё.
24 Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці,
25 і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца.
26 І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай.
27 І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.
28 А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета.
29 Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах.
30 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.
31 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
32 Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
33 Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе.
34 Як чалавек, што ад’яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім.
35 Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы:
36 каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых.
37 А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.

Каментары ці зноскі:

9 Гл. Мт. 24:3.

9 Хрыстус напамінае апосталаў, каб яны глядзелі самі сябе г. зн. каб сваімі паступкамі не давалі людзям прычын да прасьледу іх.

«На пасьведчаньне ім» г. зн. каб жыды і пагане былі сьведкамі веры апосталаў.

12 Ненавісьць да Хрыста парве тады нават прыродныя сувязі, як сваяцтва крыві.

13 Гл. Мт. 24:9 і наст.

14 Агіда спусташэньня стане нават там, дзе быць не повінна, г. зн. у сьвятыні Ерузалімскай.

15 Жыхары Палестыны вялікую часьць дня прабываюць на роўных дахах сваіх дамоў, асабліва рана і вечарам, калі няма гарачыні. Да «людзей на даху» прыходзяць першыя весткі, што робіцца ў суседзтве.

32 Словы: «ня ведае... ані Сын» тут сказаны ў тым значэньні, што Хрыстус быў пасланы не на тое, каб адкрыць людзям дзень або гадзіну сканчэньня сьвету і апошняга суду, але на тое, каб людзей збавіць, і хоць аб гэтым дні ведаў, то адкрыцьцё гэтага дня або гадзіны ня было ў намерах Божых.

33 Час зьяўленьня Сына Божага на суд ёсьць няведамы, дзеля гэтага Хрыстус у далейшай прыповесьці напамінае да чуйнасьці.

36 Чалавек, каторы ад'яжджае — гэта Хрыстус узыходзячы ў неба; слугі ягоны — гэта ўсе верныя; прыдзьвернік — гэта душа і знадворныя пачуцьці кожнага; а поры начы — гэта леты чалавека: маладыя, сталыя і старэйшыя; дык трэба, быць чуйнымі, бо часіна сьмерці і суду няведамы.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.