1 І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух сваіх вучняў
2 і сказаў ім: Ідзеце ў сяло, што перад вамі, і зараз уваходзячы туды, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторым ніхто з людзей яшчэ не сядзеў: адвяжэце яго і прывядзеце.
3 А калі-б вам хто сказаў: Што робіце? — скажэце, што яно патрэбнае Пану, і зараз пусьціць яго сюды.
4 І пайшоўшы знайшлі асьлянё, прывязанае перад варотамі на вуліцы, пры скрыжаваньні дарог, і адвязалі яго.
5 А некаторыя з стаячых тамака сказалі ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё?
6 Яны сказалі ім, як ім быў загадаў Езус, і пусьцілі ім.
7 І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзеньне, і сеў на яго.
8 Многія-ж слалі сваё адзеньне на дарозе, а іншыя зрэзвалі галіны з дрэваў і слалі на дарозе.
9 І каторыя ішлі наперадзе і каторыя ішлі ззаду, крычалі, кажучы: Госанна!
10 Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана! Багаслаўленае, што надыходзіць, каралеўства айца нашага Давіда! Госанна на вышынах!
11 І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню, і агледзеўшы ўсё, калі ўжо была позная гадзіна, выйшаў у Бэтанію з дванаццацьма.
12 А на другі дзень, калі выйшлі з Бэтаніі, захацеў есьці.
13 І калі ўгледзеў здалёк фігу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ей. І калі падыйшоў да яе, нічога не знайшоў, апроч лісьця, бо ня час быў на фігі.
14 І адазваўшыся сказаў ей: Няхай ужо болей ніхто ня есьць з цябе плоду навекі! І чулі вучні ягоны.
15 І прыйшлі ў Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і столікі тых, што прадавалі галубы;
16 і не пазваляў, каб хто насіў праз сьвятыню (якую) рэч.
17 І навучаў, кажучы ім: Ці не напісана, што «дом мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў». А вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў.
18 Пачуўшы гэтае, архісьвятары і кніжнікі шукалі, як-бы загубіць яго, бо яны баяліся яго, таму што ўся грамада дзівілася з навукі ягонай.
19 І калі настаў вечар, выходзіў з гораду.
20 І калі раніцай праходзілі міма, убачылі фігу зсохшую ад карэньня.
21 І ўспомніўшы Пётр сказаў яму: Вучыцель, вось фіга, каторую ты пракляў, зсохла.
22 І адказваючы Езус сказаў яму: Мейце веру Божую.
23 Сапраўды кажу вам, што хто-б сказаў гэтай гарэ: «Узьніміся і кінься ў мора», і не сумневаўся-б у сэрцы сваім, але верыў, што станецца, што-толькі ён скажа, станецца яму.
24 Дзеля гэтага кажу вам: усё, чаго-толькі молячыся просіце, верце, што атрымаеце і збудзецца вам.
25 І калі станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы.
26 Калі-ж вы не адпусьціце, і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не адпусьціць вам грахоў вашых.
27 І прыйшлі ізноў у Ерузалім. І калі хадзіў у сьвятыні, прыступілі да яго архісьвятары і кніжнікі і старшыя,
28 і казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу, каб ты рабіў гэтае?
29 Езус-жа адказваючы сказаў ім: Спытаю ў вас і я аднаго слова, і адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю я гэта раблю.
30 Хрост Янаў з неба быў, ці з людзей? Адкажэце мне.
31 Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Калі скажам «з неба», то скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі?
32 Калі скажам «з людзей», то баімся народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён быў сапраўды прарок.
33 І адказваючы сказалі Езусу: Ня ведаем. І Езус адказваючы сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэтае раблю.
Каментары ці зноскі:
2 Сяло называлася Бэтфагэ. Жывёла, на якой яшчэ ніхто не сядзеў, была ўважана ў жыдоў за ненарушаную і дзеля гэтага прыдатнаю да рытуальнай (абрадавай) цэрэмоніі.
13 Фігі ў Палестыне дасьпяваюць у чэрвені (а гэта было ўканцы сакавіка ці ў пачатку красавіка) і дзеля гэтага не магло быць на гэтым дрэве плоду. Аб значэньні пракляцьця гл. Мт. 21:19.
16 Каб скараціць дарогу, людзілі хадзілі і насілі розныя рэчы праз дварышча сьвятыні. Езус забараняе гэтага.
19 Езус дзеля ворагаў выходзіў з Ерузаліму ў Бэтанію, дзе затрымоўваўся ў Лазара і ягоных сёстраў. Гэтак было і праз наступныя два дні.
20 Рана ў вялікі уўторак.
32 Гл. Мт. 21:25 і наступн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.