Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Марка 11 Марка 11 разьдзел

1 І калі яны наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да Аліўнай гары, Ён пасылае двух Сваіх вучняў
2 і кажа ім: Ідзіце ў сяло, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і [пры] вядзіце.
3 І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажыце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».
4 І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і адвязваюць яго.
5 І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: Што вы робіце, навошта адвязваеце асляня?
6 Яны ж сказалі ім так, як сказаў Ісус, і тыя адпусцілі іх.
7 І прыводзяць асляня да Ісуса і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.
8 І многія разаслалі сваю вопратку на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя ў палях25.
9 І тыя, што ішлі паперадзе і следам, крычалі: Гасанна! Дабраславёны, Хто ідзе ў імя Госпада!
10 Добраславёнае царства26, што надыходзіць, нашага бацькі Давіда! Гасанна ў вышынях!
11 І Ён увайшоў у Іерусалім у святыню і, агледзеўшы ўсё, — час ужо быў позні — выйшаў у Віфанію з дванаццацю.
12 І назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад.
13 І, убачыўшы здалёку фігавае дрэва, укрытае лісцем, пайшоў: ці не знойдзе чаго на ім, і, прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, апроч лісця, бо не была пара на фігі.
14 І, азваўшыся, Ён сказаў яму: Няхай ніхто больш навекі не з’есць ад цябе плоду! — І Яго вучні чулі гэта.
15 І прыходзяць яны ў Іерусалім. І, увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнік у святыні і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
16 і не дазваляў, каб хто праносіў праз святыню якую рэч.
17 І Ён вучыў і казаў ім: Хіба не напісана: «Мой дом будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў?» А вы ж зрабілі яго пячораю разбойнікаў.
18 І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі, як бы Яго загубіць: бо яны баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю.
19 І калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.
20 І ўранні, праходзячы міма, яны ўбачылі фігавае дрэва, засохлае ад каранёў.
21 І Пётр, успомніўшы, кажа Яму: Равві, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла.
22 І ў адказ Ісус кажа ім: Майце веру Божую.
23 Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: «Падыміся і кінься ў мора» і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, а будзе верыць, што спраўдзіцца тое, што кажа, — будзе яму, [што ні скажа].
24 Таму кажу вам: усё, аб чым вы моліцеся і просіце, верце, што вы атрымалі27, — і будзе вам.
25 І, калі стаіце на малітве, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і ваш Бацька, Які ў нябёсах, вам дараваў правіны.
26 [Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў]28.
27 І прыходзяць яны зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, і кніжнікі, і старэйшыны
28 і сказалі Яму: Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?
29 Ісус жа сказаў ім: Спытаюся ў вас адно слова і адкажыце Мне, і Я скажу вам, якою ўладаю раблю гэта;
30 Іаанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне.
31 І разважалі яны між сабою, кажучы: Калі скажам: «З неба», Ён скажа: «[Дык] чаму вы не паверылі яму?»
32 Але ці сказаць нам: «Ад людзей»? — Яны баяліся натоўпу29: бо ўсе лічылі, што Іаан быў сапраўды прарок.
33 І ў адказ яны кажуць Ісусу: Не ведаем. — А Ісус кажа ім: І Я не скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю.

Каментары ці зноскі:

8 25: У некат. рукап.: а іншыя рэзалі галінкі з дрэў і рассцілалі па дарозе.
10 26: У некат. рукап.: ў імя Госпада.
24 27: У некат. рукап.: атрымаеце.
26 28: Гэтых радкоў, якія амаль літаральна супадаюць з Мф 6:15, няма ў старажытных рукапісах Мк.
32 29: У некат. рукап.: народу.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014