Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Марка 10 Марка 10 разьдзел

1 І, падняўшыся адтуль, Ён прыходзіць у межы Іудзеі і ў22 Заіарданне, і зноў зыходзяцца да Яго натоўпы, і Ён, як звычайна, зноў вучыў іх.
2 І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго, ці дазваляецца мужу адпусціць жонку23, — выпрабоўваючы Яго.
3 Ён жа ў адказ сказаў ім: Што вам запаведаў Маісей?
4 І яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і адпусціць.
5 А Ісус сказаў ім: З-за вашай жорсткасэрнасці ён напісаў вам гэтую запаведзь.
6 Ад пачатку ж стварэння Бог мужчынам і жанчынаю стварыў іх.
7 Таму пакіне чалавек свайго бацьку і маці [і прылепіцца да сваёй жонкі]
8 і будуць двое адным целам, так што яны ўжо не двое, а адно цела.
9 Дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.
10 І ў доме вучні зноў пра гэта пыталіся ў Яго.
11 І Ён кажа ім: Хто адпусціць сваю жонку і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць супроць яе.
12 І калі яна, адпусціўшы свайго мужа, выйдзе за іншага, чужаложыць.
13 І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранілі ім.
14 Ісус жа, убачыўшы, абурыўся і сказаў ім: Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне, не парашкаджайце ім, бо такіх ёсць Царства Божае.
15 Сапраўды кажу вам: Хто не прыме Царства Божае як дзіця, той ні ў якім разе не ўвойдзе ў яго.
16 І, абняўшы іх, добраслаўляў, ускладаючы рукі на іх.
17 І, калі Ён выпраўляўся ў дарогу, падбег адзін і, упаўшы на калені перад Ім, пытаўся ў Яго: Добры Настаўніку, што зрабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?
18 Ісус жа сказаў яму: Што ты завеш Мяне добрым? Ніхто не добры, акрамя аднаго Бога.
19 Ты ведаеш запаведзі: «Не забі, не чужалож, не ўкрадзі, не сведчы лжыва, не ашуквай, шануй свайго бацьку і маці».
20 А ён [у адказ] сказаў Яму: Настаўніку, усё гэта я выконваў са сваёй маладосці.
21 Ісус жа, паглядзеўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе нестае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною, [узяўшы крыж].
22 А ён, спахмурнеўшы ад гэтага слова, адышоў засмучаны: бо ў яго была вялікая маёмасць.
23 І, паглядзеўшы навокал, Ісус кажа Сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць багацце, увайсці ў Царства Божае!
24 Вучні жахнуліся ад Яго слоў. Ісус жа зноў кажа ім у адказ: Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Царства Божае [тым, што ўскладаюць надзею не багацце].
25 Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26 Яны ж надзвычай уражваліся, кажучы між сабою: І хто ж можа ўратавацца?
27 Ісус, паглядзеўшы на іх, кажа: Людзям гэта немажліва, але не Богу: бо ўсё мажліва Богу.
28 Пётр пачаў казаць Яму: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
29 Ісус сказаў [у адказ]: Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, [ці жон], ці дзяцей, ці палі дзеля Мяне і дзеля Дабравесця,
30 і не атрымае цяпер, у гэты час, пры ганеннях, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сясцёр, і мацярок, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным — вечнае жыццё.
31 Многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі.
32 Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і Ісус ішоў паперадзе іх, і яны жахаліся, а тыя, што ішлі ўслед за Ім, баяліся. І, узяўшы зноў дванаццаць, Ён пачаў казаць ім, што павінна адбыцца з Ім:
33 Вось мы ўзыходзім ў Іерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам,
34 і будуць глуміцца з Яго, і будуць пляваць на Яго, і будуць бічаваць Яго, і заб’юць, ды праз тры дні Ён уваскрэсне.
35 І падходзяць да Яго Іякаў і Іаан, Зевядзеевы сыны, і кажуць Яму: Настаўніку, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што мы Цябе папросім.
36 І Ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?
37 Яны ж сказалі Яму: Дай нам, каб мы селі адзін праваруч Цябе і адзін леваруч у Тваёй славе.
38 Ісус жа сказаў ім: Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю, ці хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?
39 Яны ж сказалі Яму: Можам. — Ісус жа сказаў ім: Чашу, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны,
40 а сесці праваруч ці леваруч не Мне даваць, а каму падрыхтавана.
41 І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Іякава і Іаана.
42 І Ісус, паклікаўшы іх, кажа ім: Вы ведаеце: тыя, што лічацца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вялікія іх маюць уладу над імі.
43 Ды не так між вамі, але хто між вас хоча быць вялікім, няхай будзе вашым слугою,
44 і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе рабом усіх;
45 бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму паслужылі, а каб паслужыць і аддаць Сваё жыццё як выкуп за многіх.
46 І прыходзяць яны ў Іерусалім. І калі выходзіў Ён з Іерыхона са Сваімі вучнямі і вялізным натоўпам, пры дарозе сядзеў Тымееў сын, Вартымей, сляпы папрасімец,
47 і, пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў ён крычаць і казаць: Сыне Давідаў, Ісусе, злітуйся нада мною!
48 І многія забаранялі яму, патрабуючы, каб ён замоўк; а ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!
49 І, спыніўшыся, Ісус сказаў: Паклічце яго. — І клічуць сляпога, кажучы яму: Адважней, уставай, кліча цябе!
50 Ён жа, скінуўшы сваю вопратку, ускочыў і падышоў да Ісуса.
51 І, адказваючы яму, Ісус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? — Сляпы ж сказаў Яму: Равунні, каб я мог бачыць.
52 І Ісус сказаў яму: Ідзі, твая вера ўратавала цябе. — І той адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім24 па дарозе.

Каментары ці зноскі:

1 22: У некат. рукап.: праз.
2 23: Г. зн. разводзіцца з жонкаю.
52 24: У некат. рукап.: Ісусам.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014