Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Марка 10 Паводле Марка 10 разьдзел

1 І, выходзячы адтуль, Ісус прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам, і зноў сабралася да Яго многа людзей, і Ён, як звычайна, навучаў іх зноў.
2 І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго, выпрабоўваючы: «Ці дазваляецца мужу пакідаць жонку?»
3 Ісус, адказваючы, сказаў ім: «А што вам загадаў Майсей?»
4 Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».
5 Ісус жа гаворыць ім: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага даў ён вам такі загад.
6 Але на пачатку стварэння мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.
7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкаю сваёю,
8 ды будуць двое адным целам; значыць іх ужо не двое, але адно цела.
9 Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае».
10 І дома зноў пра тое самае пыталіся ў Яго вучні.
11 І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і возьме іншую, той чужаложыць супроць яе.
12 І, калі жонка пакіне мужа свайго ды пойдзе за іншага, — чужаложыць».
13 І прыносілі дзяцей да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім.
14 Бачачы гэта, Ісус абурыўся і кажа ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсць Валадарства Божае.
15 Сапраўды кажу вам: калі хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, не ўвойдзе ў яго».
16 І, прытуліўшы іх да Сябе, усклаў на іх рукі і дабраславіў іх.
17 Калі Ён выходзіў у дарогу, прыбегшы, нехта ўпаў перад Ім на калені і пытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што маю рабіць, каб наследаваць жыццё вечнае?»
18 Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
19 Прыказанні ведаеш: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары фальшывага сведчання, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці».
20 А ён сказаў Яму: «Настаўнік, я гэта ўсё захоўваў ад маленства свайго».
21 Ісус жа, глянуўшы на яго, узлюбіў яго ды сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе, а тады прыходзь, узяўшы крыж, і ідзі за Мною».
22 Той, засмучаны гэтым словам, адышоўся сумны, бо меў вялікую маёмасць.
23 І Ісус, паглядзеўшы вакол, гаворыць Сваім вучням: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае».
24 Вучні ж дзівіліся са слоў Яго. Але Ісус зноў, адказваючы, гаворыць ім: «Сынове, як цяжка тым, хто ўскладае надзею на багацце, увайсці ў Валадарства Божае.
25 Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».
26 А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: «Дык хто можа быць збаўлены?»
27 Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога: у Бога ўсё магчыма».
28 Дык Пётра пачаў казаць Яму: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».
29 Гаворыць Ісус у адказ: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сясцёр, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
30 каб ён не атрымаў цяпер, у гэты час, сярод пераследаванняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сясцёр, і мацярок, і сыноў, і палёў, а ў будучым веку — жыццё вечнае.
31 І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».
32 І былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерузалім, і Ісус ішоў перад імі, а яны, за Ім ідучы, дзівіліся і баяліся. І паклікаў зноў дванаццаць ды пачаў казаць, што адбудзецца з Ім:
33 «Вось жа, уваходзім у Ерузалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць паганам,
34 і будуць з Яго здзекавацца і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне».
35 І падышлі да Ісуса Якуб і Ян, сыны Зебядзеевы, кажучы: «Настаўнік, хочам, каб зрабіў нам, пра што будзем прасіць Цябе».
36 Ён жа спытаўся ў іх: «Што хочаце, каб Я вам зрабіў?»
37 Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб сядзець ад Цябе аднаму праваруч, а другому — леваруч у славе Тваёй».
38 Ісус жа гаворыць ім: «Не ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся?»
39 Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус гаворыць ім: «З келіха, з якога Я п’ю, будзеце піць, ды хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.
40 Але сядзець праваруч ад Мяне або леваруч не Мне даваць вам, але Кім прыгатавана».
41 Чуючы ж гэта, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.
42 І, паклікаўшы іх, Ісус кажа: «Ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іх маюць уладу над імі.
43 Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас большым, хай будзе вашым паслугачом.
44 І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе паслугачом усіх.
45 Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму паслугавалі, але каб паслугаваць і даць душу Сваю на адкупленне многіх».
46 І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхона разам з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе і жабраваў.
47 Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, пачаў крычаць і прасіць: «Ісус, Сын Давіда, злітуйся нада мной!»
48 І сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: «Сын Давіда, злітуйся нада мной!»
49 І Ісус, спыніўшыся, сказаў яго паклікаць. Дык паклікалі сляпога і сказалі яму: «Адважней, уставай, кліча цябе!»
50 Ён, скінуўшы плашч свой, падняўся і прыйшоў да Ісуса.
51 І, звяртаючыся да яго, Ісус сказаў: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сляпы адказаў Яму: «Рабоні, каб мне бачыць».
52 І Ісус гаворыць яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І зараз жа стаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017