1 І згэтуль, устаўшы, прыходзіць у ме́жы Юдэйскія за Іорданам. і зноў зьбіраецца да Яго народ, і па звычаю свайму Ён ізноў навучаў іх.
2 І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся, спакуша́ючы Яго: ці можна мужу кінуць жонку сваю?
3 Ён жа, адка́зваючы, сказаў ім: што запаве́даў вам Майсе́й?
4 Яны-ж сказалі: Майсе́й дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца.
5 І, адка́зваючы, Ісус сказаў: дзеля жо́рсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэтую за́паведзь.
6 Бо на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужчынай і жанчынай (Быцьцё 1:27).
7 Дзеля гэтага пакіне чалаве́к айца свайго ды матку
8 і прыго́рнецца да жонкі сваёй, і ў двох будуць адно це́ла, дык іх ужо ня двое, але адно це́ла (Быцьцё 2:24).
9 Вось жа, што Бог злучыў, чалаве́к няхай не разлучае.
10 А дома вучні Яго ізноў спыталіся аб тым жа.
11 І сказаў ім: хто пакіне жонку сваю ды ажэніцца з другою, той блудзіць з ёю;
12 і калі жонка разлу́чыцца з мужам сваім ды вы́йдзе за другога, — блудзіць.
13 Прыносілі да Яго дзе́так, каб Ён дакрану́ўся да іх: вучні-ж ня пускалі тых, што прыносілі.
14 Убачыўшы-ж гэтае, Ісус загне́ваўся ды сказаў ім: дайце дзе́ткам ісьці да Мяне́ і не забараня́йце ім, бо гэткіх ёсьць царства Божае.
15 Запраўды́ кажу́ вам: хто ня пры́йме царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў Яго.
16 І, абняўшы іх, усклаў на іх рукі і багаславіў іх.
17 І, калі выходзіў у дарогу, падбе́г не́хта, упаў перад Ім на кале́ні і спытаўся ў Яго: Настаўніку добры! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнае?
18 Ісус жа сказаў яму: што заве́ш Мяне́ добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
19 Ведаеш за́паведзі: ня блудзí; не забіва́й: не крадзí; ня сьве́дчы крыва; ня кры́ўдзь; паважа́й бацькоў тваіх (Выхад 20:12−17).
20 Той жа, адка́зваючы, сказаў Яму: Настаўнік, усяго гэтага пілнаваўся я змалку дзён сваіх.
21 Ісус жа, глянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: аднаго табе́ не хапа́е: пайдзі, усё, што ма́еш, прада́й ды раздай убогім, і будзеш мець скарб на не́бе; і прыходзь, ідзі за Мною. узяўшы крыж.
22 Той жа, зьбянтэжаны гэтым словам, адыйшоўся засмучо́ны, бо ме́ў вялікую мае́масьць.
23 І, паглядзе́ўшы наўкола, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым увайсьці ў царства Божае.
24 Вучні здуме́ліся ад слоў Яго. Але Ісус ізноў сказаў ім у адказ: дзе́ці! як цяжка ўвайсьці ў царства Божае тым, хто ўскладае надзе́ю на багацьце.
25 Зручне́й вярблюду прайсьці праз го́лчынае ву́ха, чымся багатаму ўвайсьці ў царства Божае.
26 Яны-ж бале́й зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: Хто-ж можа спасьцíся?
27 Ісус, паўзіраўшыся на іх, кажа: у людзе́й гэта нёмагчы́ма, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
28 І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою.
29 Ісус жа, адка́зваючы, сказаў: запраўды́ кажу́ вам: няма́ нікога, хто пакінуў бы дом, ці братоў, ці сёстраў, ці бацькоў, ці дзяце́й, ці зе́млі дзеля Мяне́ і Эва́нгельля.
30 і не атрымаў бы цяпе́р, у гэты час, сярод перасьле́даваньня ў сто разоў бале́й дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і ма́так, і дзяце́й, і зе́мляў, а ў будучыне — жыцьця ве́чнага;
31 бо многія пе́ршыя будуць апошнімі, а апошнія — пе́ршымі.
32 Калі яны былі ў дарозе, ідучы ў Ерузалім, Ісус ішоў напе́радзе іх, а яны жа́халіся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць аб тым, што з Ім ма́е стацца.
33 Вось, мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалаве́чы будзе вы́даны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьме́рць і вы́дадуць Яго паганам;
34 і назьдзе́куюцца над Ім, і будуць біць Яго і плява́ць на Яго, ды заб’юць Яго; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
35 Тады падыйшлí да Яго Якаў і Іоан, сыны́ Завядзе́явы, ды сказалі: Вучыцель! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.
36 Ён жа сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
37 Яны-ж сказалі Яму: дай нам се́сьці ля Цябе́, аднаму з правага боку, а другому з ле́вага, у славе Тваёй.
38 Але Ісус сказаў ім: ня ве́даеце, чаго просіце; ці-ж мо́жаце піць ча́ру, якую п’ю Я, і хрысьцíцца хрышчэньнем, якім Я хрышчу́ся?
39 Яны адказалі: можам. Ісус жа сказаў ім: ча́ру, якую п’ю Я, піць будзеце;
40 але се́сьці ў Мяне́ з правага боку і з ле́вага — ня Мне́ дава́ць, але каму прыгато́вана.
41 І, пачуўшы, дзе́сяць пачалі злава́ць на Якава і Іоана.
42 Ісус, прыклікаўшы іх, сказаў ім: ве́даеце, што тыя, што лічацца князямі народаў, пануюць над народамі; і вялікія валадаюць імі;
43 у вас жа хай будзе ня гэтак: але хто хоча стацца вялікшым між вамі, няхай будзе вам служкаю,
44 і хто хоча ста́цца пе́ршым між вамі, хай будзе слугою ўсіх.
45 Бо і Сын Чалаве́чы прыйшоў не́ каб Яму служылі, але каб паслужы́ць і аддаць душу Сваю на выкупле́ньне многіх.
46 І прыходзяць у Ерыхон. І, калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і множствам народу, сьляпы́ Варціме́й, сын Ціме́яў, сядзе́ў ля дарогі, жабру́ючы.
47 І, пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычэць і казаць: Ісу́се, сы́не Давідаў! зьмілуйся нада мною!
48 І многія свары́ліся на яго, каб замоўк, але ён яшчэ больш стаў крычэць: Сын Давідаў! зьмілуйся нада мною!
49 І Ісус, затрымаўшыся, сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе́.
50 Ён жа, скінуўшы з сябе́ вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
51 І, адка́зваючы яму, Ісус сказаў: што хочаш зрабіць табе́? Сьляпы́ сказаў Яму: Настаўнік, каб мне́ ізноў відзець.
52 Ісус жа сказаў яму: ідзі, ве́ра твая зба́віла цябе́. І ён за́раз пачаў відзець і пайшоў за Ісусам па дарозе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Эвангельле, 10 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.