1 І ўраз нара́ніцы зрабіўшы нараду, архірэі з старшы́намі ды кніжнікамі і ўве́сь сынэдрыон, зьвязаўшы Ісуса, завялі ды аддалі Пілату.
2 І спытаўся ў Яго Пілат: Ты — Цар Юдэйскі? Ён жа адказаў яму: ты кажаш.
3 І многа ўзводзілі на Яго архірэі.
4 А Пілат ізноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? Глядзі, колькі сьве́дчаць проці Цябе́.
5 Але Ісус і на гэта нічога не адказаў, ажно зьдзівіўся Пілат.
6 На ўсякае-ж сьвята звальняў ён ім аднаго із вязьняў, за якога прасілі.
7 Быў жа ў вязьніцы не́йкі Варавва з сваімі супольнікамі, якія ў часе бунту ўчынілі забойства.
8 І народ, падняўшы крык, пачаў прасіць Пілата, каб зрабіў ім, як заўсёды.
9 Пілат жа адказаў ім, кажучы: хочаце, звольню вам Цара Юдэйскага?
10 Бо ве́даў, што архірэі дзеля за́вісьці вы́далі Яго.
11 Але архірэі падбілі народ на тое, каб звольніў ім ле́пей Варавву.
12 І Пілат, азваўшыся ізноў, сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго называеце Царом Юдэйскім?
13 Яны ж ізноў закрычэлі: распні Яго!
14 Пілат жа сказаў: што-ж благое ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацне́й крычалі: распні Яго!
15 Тады Пілат, хо́чучы дагадзіць народу, звольніў ім Варавву, а Ісуса аддаў, пасьля бічаваньня, расьпяць.
16 І жаўне́ры завялі Яго ў панадворак, што заве́цца Прэторыя, і склікалі ўсю роту.
17 І адзе́лі Яго ў пу́рпур і, сплёўшы з це́рняў вянок, узлажылі на Яго.
18 І пачалі вітаць Яго: Радуйся, Цар Юдэйскі!
19 І білі Яго па галаве́ трысьцінай, і плявалі на Яго, і, становячыся на кале́ні, пакланяліся Яму.
20 І, як насьмяяліся з Яго, зьнялі пу́рпур ды адзе́лі Яго ў уласную вопратку, і павялі Яго, каб расьпяць Яго.
21 І прымусілі не́йкага Сымона Кіранэйца, бацьку Аляксандра й Руфа, які йшоў з поля, каб нёс крыж Ягоны.
22 І прывялі Яго на Галгофу, ме́сца, якое называецца Ме́сца Чарапоў.
23 І давалі Яму піць віно з сьмірнаю, але Ён ня ўзяў.
24 І, расьпяўшы Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кíдаючы жэрабе, каму што ўзяць.
25 Была трэцяя гадзіна, і расьпялі Яго на крыжу.
26 І быў надпіс віны Ягонае напісаны: Цар Юдэйскі.
27 І з Ім расьпялі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з ле́вага боку Яго.
28 І збылося пісаньне, што гаварыла: і да злачы́нцаў залíчаны (Ісая 53:12).
29 І праходзячыя міма зьневажалі Яго, ківаючы галавамі сваімі ды кажучы: о, Ты, што цэрквы руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш!
30 Спасі Сябе́ Самога і зыйдзí з крыжа!
31 Падобна-ж і архірэі, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін да аднаго: другіх спасаў, Сябе́-ж спасьці ня можа!
32 Хрыстос, Цар Ізраіляў, няхай зыйдзе цяпе́р з крыжа, каб мы бачылі ды паве́рылі! І расьпятыя разам з Ім зьневажалі Яго.
33 І а шостай гадзіне настала це́мра па ўсёй зямлі ажно да дзявятае гадзіны.
34 І а дзявятай гадзіне загаласіў Ісус моцным голасам: Элоі, Элоі! ламма сабахтані! што абазначае: Божа Мой, Божа Мой! на што Ты Мяне́ пакінуў?
35 І некаторыя із стаяўшых наўкола, пачуўшы, казалі: вось Ільлю кліча.
36 Адзін жа, пабе́гшы й набраўшы ў губку воцату ды насадзіўшы яе́ на трысьціну, паіў Яго, кажучы: чакайце! паглядзімо, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго?
37 Ісус жа, загаласіўшы моцным голасам, скана́ў.
38 І заслона ў царкве́ разьдзе́рлася надвое ад ве́рху да нізу.
39 Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, угледзіўшы, што так загаласіўшы скана́ў, сказаў: запраўды́, чалаве́к гэты быў Сын Божы.
40 Былі тут і жанчыны, што глядзе́лі здалёк; між імі была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава ме́ншага ды Есіі, і Салямэя,
41 якія і тады, як быў у Галіле́і, ішлі за Ім ды служылі Яму; і многа іншых, што прыйшлі з Ім у Ерузалім.
42 І, як ужо настаў вечар, (а была параске́ва, значыць перадсуботнік),
43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, які й сам ждаў Царства Божага, і сьме́ла ўвайшоў да Пілата, і прасіў це́ла Ісусавага.
44 І Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і, клікнуўшы сотніка, спытаўся ў Яго, ці даўно памёр?
45 І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Язэпу.
46 І, купіўшы сіндон ды зьняўшы Яго, абвіў сіндонам і палажыў Яго ў магілу, што была вы́сечана ў скале́, ды прываліў камень да дзьве́раў магілы.
47 А Марыя Магдаліна і Марыя Есіява глядзе́лі, дзе́ Яго палажылі.
Каментары ці зноскі:
38 царква = храм.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Эвангельле, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.