Біблія » Пераклады » Пераклад Праваслаўнай Царквы

Марка 15 Паводле Марка 15 разьдзел

1 І адразу раніцай зрабілі нара́ду першасвятары́ са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўвесь сінедрыён, і, звяза́ўшы Іісуса, павялі і перадалí Пілату.
2 І запытаў Яго Пілат: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
3 І абвінава́чвалі Яго першасвятары́ ў многім.
4 Пілат жа зноў запытаў Яго, ка́жучы: Ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі су́праць Цябе све́дчаць.
5 Іісус жа больш нічога не адка́зваў, так што Пілат здзіўляўся.
6 На свята ж ён адпускаў ім аднаго вя́зня, за якога прасілі.
7 Быў жа адзін нехта, зва́ны Вара́вва, зняво́лены з саўдзе́льнікамі сваімі, якія пад час бу́нту ўчынíлі забойства.
8 І натоўп пачаў крычаць і прасіць Пілата аб тым, што ён заўсёды рабіў для іх.
9 Пілат жа адказаў ім, гаворачы: хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?
10 Бо ведаў, што па за́йздрасці вы́далі Яго першасвятары́.
11 Але першасвятары́ падбухто́рылі натоўп прасіць, каб лепш адпусціў ім Вара́вву.
12 Пілат жа зноў сказаў ім у адказ: а што́ хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім?
13 Яны ж зноў закрычалі: распнí Яго!
14 Пілат сказаў ім: якое ж зло Ён учыніў? А яны яшчэ мацней закрычалі: распнí Яго!
15 Тады Пілат, хочучы дагадзíць натоўпу, адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.
16 Воіны ж адвялі Яго ўсярэ́дзіну двара, гэта значыць, у прэто́рыю, і скліка́юць увесь полк,
17 і апрана́юць Яго ў багранíцу, і, сплёўшы цярновы вяне́ц, усклада́юць на Яго;
18 і пачалí віта́ць Яго: радуйся, Цар Іудзейскі!
19 І білі Яго па галаве кíем, і плявалі на Яго, і, стано́вячыся на калені, кла́няліся Яму.
20 І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго багранíцу і апрану́лі Яго ў адзе́жу Ягоную; і выводзяць Яго, каб распя́ць Яго.
21 І прымушаюць прахо́жага нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Ру́фа, не́сці крыж Яго.
22 І прыводзяць Яго на месца Галгофу, што значыць: «месца чэ́рапа».
23 І давалі Яму піць віно са смíрнаю, але Ён не ўзяў.
24 І тыя, што распіна́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя на яе, каму што ўзяць.
25 Была́ ж трэцяя гадзíна, і распя́лі Яго.
26 І быў зроблены надпіс віны́ Яго: Цар Іудзейскі.
27 І з Ім распіна́юць двух разбойнікаў, аднаго справа, а другога злева ад Яго.
28 І збыло́ся Пісанне, якое кажа: «і да злачы́нцаў залíчаны».
29 І тыя, што праходзілі міма, блюзне́рылі на Яго, ківа́ючы гало́вамі сваімі і ка́жучы: гэй! Ты, Які разбура́еш храм і за тры дні будуеш!
30 Уратуй Самога Сябе і сыдзí з крыжа́.
31 Гэтакса́ма і першасвятары́ з кніжнікамі, насміха́ючыся, адзін аднаму казалі: іншых ратава́ў, а Сябе не можа ўратава́ць.
32 Хрыстос, Цар Ізра́ілеў, няхай сы́дзе цяпер з крыжа́, каб мы ўбачылі, і ўве́равалі ў Яго. І распя́тыя з Ім га́ньбілі Яго.
33 Калі ж надышла шостая гадзíна, це́мра настала па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.
34 І ў дзевятай гадзíне ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: «Элаí, Элаí! ламма́ савахфанí?» што азначае: «Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?»
35 І некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: вось, Ілію́ кліча.
36 А адзін пабег, намачыў губку во́цатам і, насадзíўшы на кій, даваў Яму піць, ка́жучы: чакайце, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ зняць Яго.
37 Іісус жа, ускрыкнуўшы моцна, вы́пусціў дух.
38 І заве́са ў храме разадра́лася напала́м зве́рху данíзу.
39 Сотнік жа, які стаяў насу́праць Яго і бачыў, што Ён, так ускрыкнуўшы, вы́пусціў дух, сказаў: сапраўды́ Чалавек Гэты быў Сын Божы.
40 Былí і жанчыны, што глядзелі здалёк, сярод іх была́ Марыя Магдалíна, і Марыя, маці Іа́кава Меншага і Іасíі, і Саламíя,
41 якія і тады, калі Ён быў у Галіле́і, хадзілі за Ім і служылі Яму; і іншыя многія, што прыйшлі разам з Ім у Іерусалім.
42 І калі ўжо настаў вечар, — паколькі была́ пятніца, гэта значыць, пярэ́дадзень суботы, —
43 прыйшоў Іосіф, што з Арымафе́і, паважа́ны саветнік, які і сам чакаў Царства Божага, і, адва́жыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў це́ла Іісусава.
44 Пілат жа здзівіўся, што Ён ужо памёр; і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго: ці даўно памёр?
45 І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Іосіфу.
46 Ён, купіўшы плашчанíцу і, зняўшы Яго, загарну́ў у плашчанíцу і паклаў Яго ў магілу, што была́ вы́сечана ў скале́, і прывалíў ка́мень да дзвярэй магілы.
47 Марыя ж Магдалíна і Марыя Іасíева глядзелі, дзе Яго пакла́лі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Марка, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.