1 І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усо́хлую руку́.
2 І сачы́лі за Ім, ці не ацалíць яго ў суботу, каб абвінава́ціць Яго.
3 І кажа Ён чалавеку, што меў усо́хлую руку́: стань пасярэ́дзіне.
4 А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу́ ўратаваць альбо загубíць? Яны ж маўчалі.
5 І, паглядзеўшы на іх з гневам, засму́чаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку́ тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая.
6 І, вы́йшаўшы, фарысеі адразу ўчынíлі з ірадыянамі змову су́праць Яго, як Яго загубíць.
7 Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галіле́і пайшло за Ім, і з Іудзеі,
8 і з Іерусаліма, і з Ідуме́і, і з-за Іардана. І з навако́лляў Ты́ра і Сідо́на мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
9 І сказаў вучням Сваім, каб лодка была́ для Яго напагато́ве, каб натоўп не цясніў Яго.
10 Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кíдаліся да Яго, каб да Яго дакрану́цца.
11 І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, па́далі перад Ім і крычалі, ка́жучы: Ты — Сын Божы.
12 І Ён строга забараня́ў ім абвяшча́ць пра Яго.
13 І ўзышоў на гару, і паклíкаў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго.
14 І паставіў дванаццаць, каб былí з Ім і каб пасыла́ць іх прапаве́даваць,
15 і каб яны ме́лі ўладу ацаля́ць не́мачы і выганя́ць дэманаў.
16 Паставіў Сíмана, даўшы яму імя́ Пётр,
17 і Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата Іакава, да́ўшы ім імёны Ваане́ргес, што азначае «сыны́ громавы»;
18 і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламе́я, і Матфея, і Фаму́, і Іакава Алфе́евага, і Фадзе́я, і Сíмана Кананíта,
19 і Іуду Іскарыёта, які і вы́даў Яго.
20 І прыйшлі ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хле́ба паесці.
21 І, дачу́ўшыся, блізкія Яго вы́йшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе.
22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён ма́е ў Сабе веельзеву́ла і што сілай князя дэманскага выганя́е дэманаў.
23 І, паклíкаўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганя́ць?
24 І калі царства раздзе́ліцца самое ў сабе, не можа ўстая́ць царства тое;
25 і калі дом раздзе́ліцца сам у сабе, не можа ўстая́ць дом той;
26 і калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзялíўся, не можа ўстая́ць, але прыйшоў канец яму.
27 Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады абрабу́е дом яго.
28 Праўду кажу вам: адпу́шчаны будуць сына́м чалавечым усе грахі і блюзне́рствы, якімі б ні блюзне́рылі,
29 але хто будзе блюзне́рыць на Духа Святога, не будзе мець адпушчэ́ння даве́ку, а падляга́е вечнаму асуджэ́нню.
30 Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага ма́е ў Сабе.
31 І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, сто́ячы на дварэ, паслалі да Яго паклíкаць Яго.
32 І сядзеў народ вакол Яго. і сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе.
33 І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая́ і браты Мае́?
34 І агле́дзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая́ і браты Мае́;
35 бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Евангелле паводле Марка, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.