Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

Марка 3 Паводля Марка 3 разьдзел

1 І ўвайшоў зноў у бажніцу, а быў там чалавек, які меў сухую руку.
2 І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб абвінаваціць яго.
3 І загадаў сухарукаму чалавеку стаць пасярэдзіне.
4 Ды сказаў ім: Ці належыцца ў шабат рабіць добрае, ці благое? Ратаваць жыцьцё, ці загубляць? Яны-ж маўчалі.
5 І зірнуўшы на іх гнеўна, сумуючы над сьляпатою сэрца іхняга, сказаў сухарукаму: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.
6 Фарызэі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі нараду з гэрэдыянамі супроць яго, як-бы яго забіць.
7 Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў к узмор’ю, а за ім пайшла вялікая грамада з Юдэі й Галілеі,
8 і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя, што ля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што дзееў, прыйшло к яму.
9 І загадаў вучням сваім нарыхтаваць яму лодку, дзеля натоўпу, каб ня ціснуліся да яго.
10 Многіх бо аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб да яго дакрануцца.
11 А духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты Сын Божы!
12 І моцна гразіў ім, каб ня выяўлялі яго.
13 А ўзыходзячы на гору, паклікаў да сябе каго сам хацеў і прыйшлі к яму.
14 І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім, ды, каб іх пасылаць на навучанне.
15 І даў ім уладу аздараўляць немачы ды выганяць дэманаў.
16 І даў Сымону імя Пётр;
17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якубавага, ды даў ім імёны Боанэргэс, гэта значыць: сын грому;
18 І Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матауша, і Тамаша, і Якуба Альфэевага, і Тадэву, і Сымона Кананэйца,
19 і Юдаша Іскарыёта, які і выдаў яго.
20 І прыйшлі ў дом. Ды зноў збегся народ, так што не маглі й перакусіць хлеба.
21 А прачуўшы гэта сваякі, выйшлі, каб узяць яго, казалі бо, што ён ня пры сабе.
22 І кніжнікі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, казалі, што ён мае Бэльзэбуба ды што ўладаю князя дэманаўскага выганяе дэманаў.
23 І клікнуўшы іх, гаварыў ім прыповесьцямі: Як-жа можа шатан шатана выганяць?
24 Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць тое гаспадарства.
25 І калі дом раздзеліцца супроць сябе, ня можа ўстаяць той дом.
26 А калі шатан паўстане сам супроць сябе, дык ён падзяліўся й ня зможа ўстаяць, канец яму.
27 Ніхто ня можа, ўвайшоўшы ў дом магута, разграбіць рэчы яго, калі перш магута ня звяжа, і тады аграбіць дом ягоны.
28 Сапраўды кажу вам, усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзнерствы, якімі-б яны блюзнілі,
29 але хто блюзніў-бы проці Духа Святога, ня меціме адпушчэння навекі, а будзе вінаваты граху вечнага.
30 Бо казалі, ён мае духа нячыстага.
31 І прыйшлі матка ягона й браты ды, стоячы на дварэ, паслалі к яму паклікаць яго.
32 А грамада сядзела ля яго. І сказалі яму: Вось маці твая й браты твае на дварэ цябе шукаюць.
33 А ён у адказ гавора ім: Хто-ж мая маці й браты мае?
34 І акінуўшы вокам тых, што кругом яго сядзелі, сказаў: Во матка мая й браты мае.
35 Бо хто-б спаўняў волю Божу, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.