1 Рука сухая. 6 Змова фарысеяў з ірадыянамі на Ісуса. 10 Ацаленьне дакрананых да Ісуса. 11 Духі нячыстыя сьветчаць пра Исуса, як Сына Божага. 14 Дванаццаць Апосталыў. 24 Гаспадарства само ў сабе падзеленае. 29 Блюзьнерства на Духа Сьвятога. 33 Хто Маці і хто браты Ісусавы.
1 І прыйшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек, які меў падсухую руку.
2 І сачылі Яго, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб абвінаваціць Яго.
3 Ён-жа кажа сухарукаму: — стань пасяродку.
4 Тады кажа ім: — ці належыць у сыботу дабро тварыць, ці тварыць зло; душу зьберагчы, ці загубіць? але яны маўчалі.
5 I глянуўшы на іх з гневам, у смутку з акамянеласьці сэрцаў іхных, прамовіў да сухарукага: — вытягні руку тваю; ён вытягнуў; і стала рука яго здаровая, як і другая.
6 Фарысеі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі змову з ірадыянамі на Яго, каб загубіць Яго.
7 Ісус-жа з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, а за Ім пайшло мноства народу з Галілеі, Юдэі.
8 І з Ерусаліму, і Ідумеі, і з-за Йардану, і з ваколіц Тыру і Сідону, — вялікай грамадою ішлі да Яго, дачуўшыся, што Ён тварыў.
9 I сказаў вучням Сваім, каб была прыгатаваная для Яго лодка, з увагі на мноства народу, каб ня сьціскалі Яго.
10 Бо шматлікіх Ён ацаліў, дык усе, хто меў нядуг, ціснуліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
11 І духі нячыстыя, убачыўшы Яго, падалі прад Ім і крычалі, кажучы: — Ты Сын Божы!
12 Але Ён цьверда забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
13 Потым узыйшоў на гару, і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў.
14 I паставіў з іх дванаццаць, каб былі з Ім, і каб пасылаць іх на павучаньні.
15 I каб яны мелі ўладу вызваляць з нядугаў і выганяць злыдухаў.
16 Паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётра.
17 I Якуба Заведэева і Яна, брата яго, даўшы ім іменьні Воанэргес, што значыць — сыны громавы.
18 I Андрэя, і Піліпа, і Баўтрамея, і Мацьвея, і Фаму, і Якуба Алфеевага, і Фадзея, і Сымана Кананіта.
19 І Юду Іскарыёта, які і прадаў Яго.
20 I прыходзяць у дом, і зноў зьбіраецца народ, дык не маглі і хлеба перакусіць.
21 Сваякі-ж Яго, дачуўшыся, нібы Ён не пры Сваім розуме, прышлі забраць Яго.
22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерусаліму, гаварылі, што Ён мае ў Сабе вельзевула, і што выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага.
23 I, паклікаўшы іх, гаварыў ім прыпавесьцямі: як можа шатан шатана выганяць?
24 Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць гаспадарства тое.
25 I калі дом разьдзеліцца сам у сабе — ня можа ўстаяць дом той.
26 А калі шатан паўстаў сам на сябе і разьдзяліўся, — ня можа ўстаяць, але канец яму.
27 Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом крэпкага чалавека, рабаваць дабро яго, пакуль ня зьвяжа крэпкага, і тады абрабуе дом яго.
28 Папраўдзе кажу вам: — усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым і зьнявагі, якімі-б ні зьневажалі.
29 Але хто будзе зьневажаць Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня ніколі, бо падлягае вечнаму асуджэньню.
30 Гэта сказаў Ён дзеля таго, што гаварылі: — Ён мае нячыстага.
31 I прыйшлі Маці Яго и браты; яны станулі вонках дому, і паслалі да Яго, каб паклікаць Яго.
32 Навокал Яго сядзеў народ, і сказалі Яму: — вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на падворку, шукаюць Цябе.
33 Ён-жа ў адказ прамовіў: — хто Маці Мая, і браты Мае?
34 I абвёўшы позіркам усіх, якія сядзелі вокал Яго, сказаў: — вось маці Мая і браты Мае.
35 Бо хто будзе выпаўняць волю Божую, той брат Мой, і сястра Мая, і Маці Мая.
Каментары ці зноскі:
33 сёстры — ці — сестры.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.