1 І сабра́ліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма;
2 і, бачыўшы некаторых з вучняў Яго, як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамы́тымі, рукамі, дакара́лі.
3 Бо фарысеі і ўсе Іудзеі не яду́ць, пакуль не памыюць дбайна рук, трымаючыся пада́ння ста́рцаў;
4 і пасля рынку, пакуль не амы́юцца, не яду́ць. Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялí трымацца: абмыва́ння чашаў, і кубкаў, і катлоў, і ла́ваў.
5 Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: чаму вучні Твае не жывуць згодна з пада́ннем ста́рцаў, а непамы́тымі рукамі яду́ць хлеб?
6 А Ён у адказ гаворыць ім: добра прарочыў Іса́ія пра вас, крываду́шных, як напíсана: «людзі гэтыя ву́снамі ўшаноўваюць Мяне, а сэ́рца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;
7 але ма́рна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым».
8 Бо, пакінуўшы за́паведзь Божую, трыма́ецеся вы пада́ння чалавечага, абмыва́ння кубкаў і чашаў ды многае іншае, падобнае да таго, робіце.
9 І казаў ім: хо́раша вы абыхо́дзіце за́паведзь Божую, каб сваё пада́нне захава́ць!
10 Бо Маісей сказаў: «шануй бацьку твайго і маці тваю», і хто зласло́віць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.
11 А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці: «тое, што ты ад мяне скарыстаў бы, гэта карва́н, што значыць дар Богу»,
12 тады ўжо дазваля́еце яму нічога не рабіць для бацькі альбо для маці сваёй,
13 паруша́ючы слова Божае пада́ннем вашым, якое вы перадаяце́; і многае падобнае да таго робіце.
14 І, паклíкаўшы ўсіх людзей, казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразуме́йце.
15 Няма нічога, што, увахо́дзячы ў чалавека зво́нку, магло б апага́ніць яго; але што выходзіць з яго, тое апага́ньвае чалавека.
16 Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
17 І калі ад людзей Ён увайшоў у дом, спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.
18 І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя? Хіба́ не разумееце, што ўсё тое, што зво́нку ўваходзіць у чалавека, не можа апага́ніць яго?
19 Бо не ў сэ́рца яго ўваходзіць, а ў чэ́рава, і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.
20 І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апага́ньвае чалавека;
21 Бо знутры́, з сэ́рца чалавечага по́мыслы ліхíя выходзяць, пралюбадзе́йствы, блуд, забойствы,
22 крадзяжы́, ліхвя́рства, злоба, кава́рства, распу́снасць, вока зайздроснае, блюзне́рства, ганарлíвасць, шале́нства;
23 усё гэтае зло знутры́ выхо́дзіць і апага́ньвае чалавека.
24 І, ру́шыўшы адтуль, пайшоў у землі Ты́рскія і Сідо́нскія; і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але не змог утаíцца.
25 Бо пачула пра Яго жанчына, дачка́ якой ме́ла ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упа́ла да ног Яго;
26 а жанчына тая была́ язычніца, Сірафінікія́нка родам; і прасіла Яго, каб вы́гнаў дэмана з яе дачкí.
27 Але Іісус сказаў ёй: дай перш насы́ціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.
28 Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
29 І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі, выйшаў дэман з дачкí тваёй.
30 І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка́ ляжы́ць на пасцелі.
31 І зноў, выйшаўшы з межаў Ты́рскіх і Сідо́нскіх, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага ў землі Дзесяцігаро́ддзя.
32 І прыво́дзяць да Яго глухога коснаязы́кага і просяць, каб Ён усклаў руку́ на яго.
33 І, адвёўшы яго ад народу ўбок, улажы́ў пальцы Свае ў ву́шы яго і, плюнуўшы, дакрану́ўся да языка яго;
34 і, узвёўшы вочы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «эффафа́», што значыць: «адкры́йся».
35 І адразу адкры́ліся вушы яго і развяза́ліся пу́ты яго языка́, і пачаў гаварыць выра́зна.
36 І загада́ў ім, каб не казалі нікому. Але чым больш Ён зага́дваў ім, тым больш абвяшчалі.
37 І надзвычай здзіўляліся, ка́жучы: добра ўсё зрабіў: і глухім дае чуць, і нямы́м гаварыць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Евангелле паводле Марка, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.