Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Марка 15 Марка 15 разьдзел

1 І адразу раніцаю, зрабіўшы нараду, першасьвятары са старшынямі і кніжнікамі, і ўвесь сынэдрыён, зьвязаўшы Ісуса, павялі і выдалі Пілату.
2 І спытаўся ў Яго Пілат: «Ты — Валадар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш».
3 І вінавацілі Яго першасьвятары ў многім.
4 А Пілат зноў спытаўся ў Яго: «Нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат сьведчаць супраць Цябе?»
5 Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат зьдзівіўся.
6 А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі.
7 Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства.
8 І, закрычаўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што рабіў ім заўсёды.
9 А Пілат адказаў ім, кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?»
10 Бо ведаў, што першасьвятары праз зайздрасьць выдалі Яго.
11 Але першасьвятары падбухторылі натоўп, каб лепш адпусьціў ім Бараббу.
12 Дык Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што вы хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Валадаром Юдэйскім?»
13 Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
14 Пілат жа сказаў ім: «Што ліхога ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!»
15 Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне.
16 І жаўнеры завялі Яго на панадворак, што завецца прэторыя, і склікаюць усю кагорту.
17 І апранаюць Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, ускладаюць на Яго.
18 І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»
19 І білі Яго трысьцінай па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму.
20 І калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае. І вядуць Яго, каб Яго ўкрыжаваць.
21 І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны.
22 І прыводзяць Яго на Галгофу, месца, што перакладаецца Месца Чэрапа.
23 І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў.
24 І тыя, што крыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.
25 А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго.
26 І быў надпіс віны Ягонай напісаны: «Валадар Юдэйскі».
27 І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.
28 І споўнілася Пісаньне: «І да беззаконьнікаў залічаны».
29 І тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш,
30 выратуй Сябе Самога і зыйдзі з крыжа».
31 Падобна і першасьвятары, насьміхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа.
32 Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». І тыя, што былі ўкрыжаваныя з Ім, зьневажалі Яго.
33 А калі настала гадзіна шостая, сталася цемра па ўсёй зямлі ажно да гадзіны дзявятай.
34 І а дзявятай гадзіне Ісус загаласіў моцным голасам, кажучы: «Элёі, элёі, ламма сабахтані», што перакладаецца: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
35 І некаторыя з тых, што вакол стаялі, пачуўшы, казалі: «Вось, Ільлю кліча».
36 А адзін, пабегшы і напоўніўшы губку воцатам ды ўсклаўшы яе на трысьціну, даваў Яму піць, гаворачы: «Пакіньце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».
37 Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.
38 І заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу.
39 Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так закрычаўшы, аддаў духа, сказаў: «Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы».
40 Былі таксама жанчыны, што глядзелі здалёк, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Ёсіі, і Салямэя,
41 якія, калі Ён быў у Галілеі, хадзілі за Ім і паслугавалі Яму, і шмат іншых, што прыйшлі з Ім у Ерусалім.
42 І калі ўжо настаў вечар, — а быў гэта дзень прыгатаваньня, які ёсьць перад суботаю, —
43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны ратман, які сам чакаў Валадарства Божага. Адважыўшыся, ён увайшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса.
44 А Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно памёр,
45 і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.
46 І той, купіўшы палатніну і зьняўшы Яго [з крыжа], ахінуў палатнінаю і палажыў Яго ў магілу, якая была высечаная ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу.
47 А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе палажылі Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Марка, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023