Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Маркі 16 Евангеля Маркі 16 разьдзел

1 Як мінула сыбота, Марыя Магдалена а Марыя Якавава а Салома купілі пахаў, каб ісьці, намасьціць Яго.
2 І вельма рана нараніцы, першага дня тыдня, прышлі да гробу ўсходам сонца.
3 І гукалі мяжсобку: «Хто адкоце нам камень ад дзьвярэй гробу?»
4 І, глянуўшы, бачаць, што камень адкочаны; а ён быў вельма вялікі.
5 І, увыйшоўшы ў гроб, абачылі маладзёна, на правым баку седзячага, адзеўшыся ў даўгое белае адзецье; і зжахнуліся.
6 Ён жа сказаў ім: «Не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назарэцяніна, што быў укрыжаваны; Ён ускрэс, Яго няма тут. Во месца, ідзе Ён быў пакладзены.
7 Але йдзіце, накажыце вучанікам Ягоным а Пётру, што Ён выперадзе вас да Ґалілеі; там абачыце Яго, як Ён сказаў вам».
8 І яны борзда вышлі, і ўцяклі ад гробу, бо яны дрыжэлі й былі зумеўшыся, і нічога нікому не сказалі, бо баяліся.
9 Ускрэсшы рана першага дня тыдня, Ён сьпярша зьявіўся Марыі Магдалене, з каторае быў выгнаўшы сямёх нячысьцікаў.
10 Яна пайшла й наказала тым, што былі зь Ім, каторыя былі ў жалобе й плакалі.
11 Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, не нялі веры.
12 Просьле гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе двум ізь іх на дарозе, як яны йшлі да сяла.
13 Яны йшлі й наказалі засталым; і гэтыя не нялі веры.
14 І потым зьявіўся адзінанцацём, як узьляжалі за сталом, і ўпікаў ім за няверу іхную а калянасьць сэрца, бо не нялі веры тым, каторыя бачылі Яго ўскрэслага.
15 І сказаў ім: «Ідучы па ўсім сьвеце, абяшчайце Евангелю ўсяму стварэньню.
16 Хто будзе верыць і ахрысьціцца, спасён будзе; а хто ня будзе верыць, будзе засуджаны.
17 І гэтыя знакі злучацца з тымі, што вераць: імям Маім будуць выганяць нячысьцікаў; будуць гукаць новымі мовамі;
18 Будуць браць гады; а калі б што атрутнае пілі, не пашкодзе ім; на хворых будуць ускладаць рукі, і добра ім будзе».
19 Гэтак Спадар, просьле гутаркі зь імі, быў узяты на неба й сеў па правіцы Божай.
20 А тыя пайшлі й абяшчалі ўсюдых, і Спадар судзеяў зь імі, і слова іхнае мацніў знакамі, злучанымі зь імі. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Маркі, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.