Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Маркі 8 Евангеля Маркі 8 разьдзел

1 Тых дзён ізноў зьберся вялікі груд, і ня было ім чаго есьці. Ісус, прыгукаўшы вучанікаў Сваіх, сказаў ім:
2 «Жаль Імне груду, бо ўжо тры дні пры Імне, і няма ім чаго есьці.
3 Калі постуючых адпушчу іх да дамоў іхных, замлеюць у дарозе, бо некаторыя зь іх прышлі здалеку.
4 І вучанікі адказалі Яму: «Скуль мог бы хто досыць учыніць гэтым людзём хлебам на пустыні?»
5 І папытаўся ў іх: «Колькі ў вас букаткаў?» Яны сказалі: «Сем».
6 І расказаў людзём расьсесьціся на зямлі; і ўзяўшы сем букаткаў, і даўшы падзякі, паламіў, і даў вучанікам Сваім, паслужыць. І яны паслужылі груду .
7 І мелі крыху рыбкаў: дабраславіўшы, Ён расказаў паслужыць ім.
8 І елі і пад’елі; і набралі засталых кавалкаў сем кашоў.
9 Тых жа, што елі, было каля чатырох тысячаў. І адпусьціў іх.
10 І без адвалокі ўвыйшоў у струг з вучанікамі Сваімі, і прыплыў у часьці Далмануфскія.
11 І вышлі фарысэі, і пачалі сьпярэчку зь Ім, шукаючы ў яго знаку зь неба, спакушаючы Яго.
12 І Ён, уздыхаючы ў духу Сваім, сказаў: «Нашто род гэты шукае знаку? Запраўды кажу вам, ня дасца роду гэтаму знак».
13 І, пакінуўшы іх, ізноў увыйшоў у струг, і адплыў на тый бок.
14 І забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі ў струзе із сабою балей як адну букатку.
15 А Ён расказаў ім, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а закісі Гірадавае».
16 І, разважаючы мяжсобку, гукалі: «Хлеба ня маем».
17 А Ісус, пазнаўшы, кажа ім: «Чаму разважаеце праз тое, што ня маеце хлеба? Ці вы яшчэ ня цяміце а не разумееце? ці яшчэ закалянена маеце сэрца свае?
18 Маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і ня памятуеце?
19 Як Я пяць букаткаў паламіў памеж пяцёх тысячаў, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў?» Кажуць Яму: «Двананцаць».
20 «А як сем памеж чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў?» І кажуць «Сем».
21 І сказаў ім: «Як гэта, што вы не разумееце?».
22 І прыходзе да Віфсаіды; і прыводзяць да Яго нявіснога, і просяць Яго дакрануцца да яго.
23 І Ён, узяўшы нявіснога за руку, вывеў яго вонкі зь местачка, і, плюнуўшы яму на вочы, узлажыў на яго рукі, і папытаўся ў яго, ці бача што.
24 Ён, глянуўшы ўгару, сказаў: «Бачу праходзячых людзёў, як дзервы».
25 Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоныя і казаў яму глянуць угару. І ён быў адноўлены, і бачыў усе ясна.
26 І адаслаў яго двору, кажучы: «Не заходзь да местачка ані расказуй нікому ў местачку».
27 І вышаў Ісус а вучанікі Ягоныя да местачкаў Цэсары Піліпавае. І ў дарозе Ён пытаўся ў вучанікаў Сваіх, кажучы ім: «За каго Мяне маюць людзі?»
28 Яны сказалі Яму, кажучы: «За Яана Хрысьціцеля, а некатрыя за Ільлю, а іншыя за аднаго з прарокаў».
29 І Ён папытаўся ў іх: «А вы за каго Мяне маеце?» Адказуючы, Пётра сказаў Яму: «Ты — Хрыстос».
30 І забараніў ім, каб нікому не казалі празь Яго.
31 І пачаў вучыць іх, што Сыну Людзкому належа шмат цярпець, і быць адхіненым старцамі а найвышшымі сьвятарамі а кніжнікамі, і забітым быць, а за тры дні ўскрэснуць.
32 І гукаў гэта адкрыта. І, узяўшы Яго на бок, Пётра пачаў ганіць Яго.
33 Але Ён, абярнуўшыся а глянуўшы на вучанікаў Сваіх, зганіў Пётру, сказаўшы: «Адыйдзі ад Мяне, шайтане, бо ты думаеш не праз тое, што Божае, але што людзкое».
34 І, пагукаўшы груд із вучанікамі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча йсьці за Імною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і йдзі за Імною;
35 Бо хто хоча жыцьцё свае захаваць, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне а Евангелі, тый захавае яго.
36 А якая карысьць людзіне, калі прыдбае цэлы сьвет, а душу сваю згубе?
37 Альбо якую мену дасьць людзіна за душу сваю?
38 Бо хто будзе сароміцца Мяне а словаў Маіх у родзе гэтым чужаложным а грэшным, і Сын Людзкі пасароміцца яго, як прыйдзе ў славе Айца Свайго ізь сьвятымі ангіламі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Маркі, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.