Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 22 Паводле Матэуша 22 разьдзел

1 І адказваючы Езус гаварыў ім ізноў у прыповесьцях, кажучы:
2 Падобным сталася каралеўства нябеснае да чалавека караля, каторы справіў вясельле свайму сыну.
3 І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці.
4 Ізноў паслаў іншых слуг, кажучы: Скажэце запрошаным: «Вось я прыгатовіў абед мой, валы мае і кормнікі пабіты і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».
5 Але яны ня дбалі і пайшлі, хто да свае сялібы, а хто да свайго гандлю,
6 другія-ж схапілі слуг ягоных і назьдзкаваўшыся, пазабівалі.
7 Калі-ж пачуў кароль, загневаўся і паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў і спаліў іхны горад.
8 Тады сказаў сваім слугам: Вясельле-то гатова, але прошаныя ня былі дастойны.
9 Дык ідзеце на скрыжаваньні дарог і каго-толькі спаткаеце, клічце на вясельле.
10 І слугі ягоны, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі, благіх і добрых — і вясельле было поўнае гасьцей.
11 А кароль увайшоў, каб паглядзець на гасьцей, і ўбачыў там чалавека неадзетага ў вясельную вопртаку.
12 І сказаў яму: Дружа, як ты сюды ўвайшоў, ня маючы вясельнай вопраткі? Але той маўчаў.
13 Тады сказаў кароль слугам: Зьвязаўшы рукі і ногі яго, кіньце яго ў вонкавую цемру, там будзе плач і скрыгот зубоў.
14 Бо многа пакліканых, але мала выбраных.
15 Тады фарызэі, адыйшоўшы, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць у мове.
16 І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрадыянамі, кажучы: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і дарогі Божай папраўдзе навучаеш і не зважаеш на нікога, бо не аглядаесься на асобу людзкую,
17 дык скажы нам, як табе здаецца, можна даваць падатак цэзару, ці не?
18 А Езус, пазнаўшы іхную нягоднасьць, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі?
19 Пакажэце мне падатковую манэту. Яны-ж прыняслі яму дынара.
20 І сказаў ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс?
21 Кажуць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу.
22 І пачуўшы, яны зьдзівіліся і пакінуўшы яго, адыйшлі.
23 У той дзень прыступілі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрашэньня, і спыталіся ў яго,
24 кажучы: Вучыцель, Майсей сказаў: «Каліб хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны возьме яго жонку і ўскрасіць патомства брату свайму» (Паўл. Пр. 25:5).
25 Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку сваю брату свайму.
26 Таксама другі і трэці аж да сёмага.
27 А ўканцы пасьля ўсіх памярла і жонка.
28 Дыу у ўскрашеньні чыёй з сямёх будзе яна жонкай? Бо ўсе мелі яе.
29 А Езус, адказваючы, сказаў ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў ані моцы Божай.
30 Бо ў ускрашэньні ані жэняцца, ані ідуць замуж, але будуць як анёлы Божыя ў небе.
31 А аб ускрашэньні ўмерлых ці вы ня чыталі, што было сказана Богам, каторы вам кажа:
32 «Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба»? (Вых. 3:6). Ня ёсьць-жа Бог умерлых, але жывых.
33 І, пачуўшы, грамады дзівіліся з навукі яго.
34 А фарызэі, пачуўшы, што прымусіў садукеяў замаўчаць, сабраліся разам
35 і спытаўся яго адзін з іх, вучоны ў законе, прабуючы яго:
36 Вучыцель, якое ёсьць вялікае прыказаньне ў законе?
37 Сказаў яму Езус: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім, і ўсей душою тваею, і ўсей мысьляй тваею» (Паўл. Пр. 6:5).
38 Гэта ёсьць найбольшае і першае прыказаньне.
39 Другое-ж ёсьць гэтаму падобнае: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Лев. 19:18).
40 На гэтых двух прыказаньнях апіраецца ўвесь закон і прарокі.
41 Калі-ж сабраліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус,
42 кажучы: Што вы думаеце аб Хрыстусе? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў.
43 Дык як-жа Давід у духу заве яго Панам, кажучы:
44 «Сказаў Пан Пану майму, сядзі праваруч мяне, пакуль палажу воргаў тваіх падножжам ног тваіх?» (Пс. 109:1).
45 Дык калі Давід заве яго Панам, як-жа ёсьць сынам ягоным?
46 І ніхто ня мог адказаць яму слова і ніхто ня сьмеў ад таго дня болей у яго пытацца.

Каментары ці зноскі:

4 Даўней у грэкаў, рымлян і жыдоў два разы прасілі на вясельле ці на абед: адзін раз на некулькі дзён перад абедам, а другі раз зараз перад абедам.

6 Няпрыход на вясельле і нават забойства каралеўскіх слуг было яўным бунтам проціў караля і ягонага сына.

7 Гэтакая срогая кара ёсьць звычайнай на ўсходзе, дзе валадары за віну адзінак караюць увесь горад ці грамаду.

11 На ўсходзе вясельную вопратку мусіў мець кожны, хто прыходзіў на вясельле. У каго яе ня было, таму давалі гаспадары, а хто пагарджаў гэтым абычаем і ўваходзіў бяз вопраткі, той пагарджаў і гаспадаром.

Вясельная вопратка азначае тут Усьвячаючую ласку Божую.

12 Той чалавек нічога ня мог сказаць на сваё апраўданьне і яго спаткала кара.

13 Чалавека, які ня споўніў усіх вясельных абычаяў, выкідалі з цёплага і асьветленага памяшканьня на двор, дзе ўначы была цемра і холад і дзе сапраўды быў плач і скрыгот зубоў. Гэты плач і скрыгот зубоў, цемра, ланцугі на руках і нагах, ёсьць азнакамі цяжкіх кар і вечным асуджэньні.

14 Многа было пакліканых з Ізраільскага народу, але выбраных мала.

15 Сьмерць Хрыста ўжо была пастаноўлена, толькі фарызэі і старшыя жыдоўскія імкнуцца да таго, каб асудзіў яго на сьмерць сам намесьнік цэзара, Пілат.

16 Фарызэі жылі ў нязгодзе з Гэрадыянамі (прыхільнікамі дынастыі Гэрада В.), тут аднак лучацца ў супольнай ненавісьці да Хрыста.

17 Хрыстус, калі-б сказаў не плаціць падаткаў, сьцягнуў-бы на сябе гнеў рымскіх уладаў, а калі-б сказаў плаціць, то адвярнуў-бы ад сябе народ, каторы не хацеў паганам плаціць падаткаў. І так дрэнна і так нядобра, у кожным выпадку фарызэі маглі-б абвінаваціць Езуса. Езус аднак загадаў плаціць падатак і дзяржаўнай уладзе і духоўнай.

21 Хрыстус дзеліць уладу на сьвецкую або дзяржаўную і духоўную, Божую. Уладзе дзяржаўнай належыцца падатак і Хрыстус не забараняе яго даваць, не гаворачы нічога аб справядлівасьці або несправядлівасьці таго ці іншага падатку. Побач з уладай дзяржаўнай Хрыстус ставіць і ўладу Божую, касьцельную, каторай таксама трэба аддаць тое, што ёй справядліва належыцца.

28 Садукеі адкідалі ўскрашэньне ўмерлых і дзеля гэтага падаюць малападобную да праўды гісторыю аб жонцы і сямі яе мужох, хочучы гэтым паставіць Хрыстуса ў труднае палажэньне.

32 Іншымі славамі Абрагам, Ізаак і Якуб жывуць і то жывуць ня целам, але душою, а калі яны жывуць па сьмерці, то гэта значыць, што душа несьмяротная, а калі несьмяротная, то яна можа некалі ізноў злучыцца з целам — і такім парадкам наступіць ускрашэньне з умерлых.

36 Жыдоўскія вучыцялі і кніжнікі згодна дзялілі ўсе прыказаньні і забароны (а было іх аж 613!) на вялікія і малыя; але не маглі згадзіцца, якія з гэтых прыказаньняў былі большыя, а якія меншыя, дык гэтае пытаньне мела ў той час вялікае значэньне.

40 Прыказаньні любові Бога і бліжняга ёсьць зьместам усіх іншых прыказаньняў.

44 «Пан» г. зн. Бог Айцец, Ягвэ; «Пану майму» г. зн. Мэсыяшу. Жыды прызнавалі Мэсыяша за сына Давіда, але не прызнавалі яго за сына Божага, тымчасам Давід у сваім псальме (109) называе Мэсыяша сваім Панам, а сына ніхто не называе сваім панам, значыць Давід прызнаваў Мэсыяша за Сына Божага.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.